Дзесяцігоддзямі егіпецкаму спецназу ўдавалася разганяць мітынгі апазіцыі. У студзені моладзь падманула спецслужбы.

Масавыя дэманстрацыі ў Егіпце адбыліся ў тым ліку і дзякуючы аднаму хітрыку, пра што сведчаць інтэрв’ю з некаторымі арганізатарамі пратэсту.

25 студзеня, у першы дзень пратэстаў, актывісты моладзевага крыла апазіцыі Егіпта арганізавалі з выгляду спантаннае скапленне жыхароў трушчобаў Булак аль-Дакрур на заходняй ускраіне Каіра. Гэтыя дэманстранты былі не тымі адукаванымі маладымі людзьмі, што даведаліся пра пратэсты з інтэрнэту. Гэта былі бедныя егіпцяне, якія запоўнілі лабірынты брудных вузкіх завулкаў і рашуча сустрэлі паліцэйскіх.

Але ў гэтым пратэсце не было нічога спантаннага. Як арганізатары здолелі яго падняць, калі столькі намаганняў у мінулым не давалі нічога?

Пасля свайго вызвалення з-пад варты ў нядзелю старшыня аддзела маркетынгу карпарацыі Google Ваіль Ганім расказаў пра сваю сустрэчу з новапрызначаным міністрам унутраных справаў Егіпта. «Ніхто не разумее, як вы гэта зрабілі», — сказаў яму міністр.

Пратэстоўцы, што належаць да кіраўніцтва Рэвалюцыйнага моладзевага руху, які зрабіўся галоўным прадстаўніком удзельнікаў пратэсту на плошчы Тахрыр, расказалі ў інтэрв’ю, як яны гэта рабілі.

У пачатку студзеня ядро Руху вырашыла, што яны паспрабуюць паўтарыць дасягненні пратэстоўцаў у Тунісе, у выніку якіх быў зрынуты прэзідэнт Бэн Алі.
Галоўнай мэтай было перашкодзіць дзеянням Міністэрства ўнутраных справаў, чые паліцэйскія атрады стрымлівалі і душылі пратэсты на працягу многіх гадоў. Паліцыя па-мастэрску перашкаджала дэманстрацыям расці і перадухіляла ўдзел у іх простых егіпцянаў.

Дзясяткі пратэстоўцаў штодня цягам двух тыдняў сустракаліся у цеснай гасцёўні маці моладзевага актывіста Зіяда аль-Алімі. Яго маці адседзела шэсць месяцаў у турме за ўдзел у пратэстах падчас хлебных бунтаў 1977 года.

У «змове» ўзялі ўдзел прадстаўнікі шасці моладзевых рухаў, звязаныя з апазіцыйнымі палітычнымі партыямі, групамі, якія выступаюць за правы працаўнікоў, і «Мусульманскім брацтвам».

Яны выбралі 20 месцаў, дзе праходзілі пратэсты, — як правіла, блізка ад мячэцяў, у густанаселеных рабочых кварталах вакол Каіра. Яны спадзяваліся, што такую вялікую колькасць рассеяных мітынгаў сілы бяспекі здушыць не здолеюць, і будзе шанец, што некаторыя пратэстоўцы вырвуцца і злучацца на плошчы Тахрыр.

Арганізатары публічна заклікалі да пратэстаў 25 студзеня ў гэтых месцах, паведамілі пра гэта ў інтэрнэце. Але гэта яшчэ не ўсё.

«Пра 21-е месца не ведаў ніхто», — кажуць арганізатары.

Гэтыя актывісты былі не адзінымі, хто заклікаў да пратэстаў у гэты дзень. Іншыя ўплывовыя групы аб’ядналі высілкі і рэсурсы. Старонка на фэйсбуку, прысвечаная Халеду Саіду, маладому чалавеку, забітаму да смерці паліцэйскімі ў Александрыі, зрабілася месцам збору егіпецкіх актывістаў анлайн.

Былі створаныя старонкі на арабскай і англійскай мовах, у кожнай з якіх быў свой адміністратар. Адным з іх быў Ваіль Ганім, іншыя застаюцца ананімнымі.

Апошнія тры дні перад пратэстам арганізатары начавалі не дома, асцерагаючыся паліцыі. Баючыся кантролю за тэлефоннымі званкамі, яны карысталіся тэлефонамі блізкіх і сяброў.

Яны паслалі невялікія каманды на разведку ў таемным 21-м месцы. Гэта быў раён Булак аль-Дакрур.

Арганізатары кажуць, што яны ведалі, што поспех дэманстрацый будзе залежаць ад удзелу простых егіпцян, у рабочых раёнах, як гэты, дзе інтэрнэт не так шырока выкарыстоўваецца. Яны распаўсюджвалі па горадзе ўлёткі за некалькі дзён да дэманстрацыі, засяродзіўшы намаганні на раёне Булак аль-Дакрур.

25 студзеня паліцыя сканцэнтравала сілы на 20 месцах, пра якія паведамлялася ў інтэрнэце, а тым часам чатыры палявыя камандзіры, выбраныя з камітэта арганізатараў, пачалі разбіваць актывістаў на групы па 10 чалавек. Для большай сакрэтнасці толькі адзін чалавек у кожнай групе ведаў мэту аперацыі.

Такімі невялікімі групамі пратэстоўцы скіраваліся да кандытарскай у раёне Булак аль-Дакрур, злучаючыся ў натоўп з 300 дэманстрантаў, свабодных ад паліцэйскага кантролю.

Адсутнасць паліцыі заахвоціла навакольных жыхароў сотнямі выйсці з цесных завулкаў мікрараёна.

У 13:15 яны пачалі марш у цэнтр Каіра. Да гэтага часу паліцыя перадыслакавалася, каб заблакаваць ім дарогу, але шэрагі пратэстоўцаў выраслі дастаткова, каб прарваць ачапленне.

Іншым пратэстоўцам, што сабраліся ля мячэцяў па ўсім горадзе, не ўдалося дасягнуць плошчы Тахрыр — іх спынілі паліцэйскія кардоны. Дэманстранты з Булак аль-Дакрура былі адзінымі, хто заняў плошчу праз некалькі гадзінаў пасля поўначы, калі паліцыя выкарыстала супраць дэманстрантаў слезацечны газ і гумовыя кулі.

Егіпцяне першы раз бачылі такія дэманстрацыі на вуліцах, і гэта таксама стала прычынаю таго, што дзясяткі тысяч чалавек выйшлі пратэставаць у наступную пятніцу.

28 студзеня яны зноў занялі плошчу Тахрыр. І засталіся там.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?