Дырэктар адной з навучальных устаноў Вілейскага раёна абвінавачаны ў прысвойванні дзяржаўных грошай. Міліцыя завяршыла папярэдняе расследаванне.
Намеснік пракурора раёна Вадзім Шукрынаў перадаў крымінальную справу ў суд.
Шукрынаў расказаў: паводле вынікаў папярэдняга расследавання, дырэктар навучальнай установы на працягу 2008–2009 гадоў афармляў на работу людзей, якія насамрэч не працавалі.
На падстаўных работнікаў афармляліся заведама падложныя дакументы і налічваўся заробак.
Грошы сваіх падначаленых, якіх не існавала, дырэктар забіраў сабе.Па словах Вадзіма Шукрынава, падчас вядзення следства абвінавачанага ў карупцыі звольнілі са сваёй пасады. Ад 10 студзеня ён працуе простым настаўнікам.
Справа завадзена па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — «Раскраданне шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі» і «Службовы падлог». Максімальнае пакаранне за першае злачынства — да чатырох гадоў пазбаўлення свабоды. За другое — зняволенне на тэрмін да двух гадоў.