Беларусь павінна поўнасцю забяспечыць унутраныя патрэбнасці ў грэчцы, заявіў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч 15 лютага на пасяджэнні прэзідыума Саўміна па пытаннях развіцця аграпрамысловага комплексу і правядзення веснавой сяўбы.

«Сёлета неабходна цалкам забяспечыць унутраныя патрэбнасці ў крупяных культурах, у тым ліку грэчцы», — заявіў кіраўнік урада.

Ён падкрэсліў, што пры неабходнасці трэба закупіць дадаткова насенне грэчкі, каб цалкам забяспечыць імі гаспадаркі.

У сваю чаргу міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы адзначыў, што сёлета будуць павялічаныя пасяўныя плошчы грэчкі, «каб зняць праблему, якая сёння існуе». «Мы сур’ёзна працуем над гэтай тэмай», — сказаў ён.

Міністр адзначыў, што яшчэ не ва ўсіх рэгіёнах выкананы заданні па засыпанні насення грэчкі. Так, Мінскай вобласцю заданне выканана на 79%, Віцебскай — на 58%. Неабходныя аб’ёмы насення грэчкі назапашаны ў Гродзенскай і Магілёўскай абласцях. Дэпартамент хлебапрадуктаў мае запас насення грэчкі больш за 300 тон, і яшчэ 300 тон завозіцца.

«Распісаны графікі, куды гэта насенне пойдзе, да 15 сакавіка яны будуць завезены ў гаспадаркі», — канстатаваў Русы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?