15.02.2011 / 16:28

Украіна гатова выступіць пасярэднікам паміж Беларуссю і Еўропай 2

Украіна гатова выступіць пасрэднікам паміж Беларуссю і Еўрапарламентам для нармалізацыі адносін. Пра гэта заявіў спікер Вярхоўнай рады Украіны Уладзімір Літвін 15 лютага ў Кіеве на пятым пасяджэнні Міжпарламенцкай Асамблеі Украіны і Польшчы.

«Мы прапанавалі, што Украіна гатова выступаць пасрэднікам у зносінах паміж Еўрапейскім парламентам і Беларуссю, разумеючы, што шлях ізаляцыі — гэта самы просты шлях, які не дае ніякага выніку», — сказаў ён.

Літвін таксама адзначыў, што разумее пазіцыю Еўропы адносна працэсу прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у Беларусі, але спадзяецца, што ініцыятыва ўкраінскага боку будзе падтрыманая.

Акрамя таго, старшыня Вярхоўнай рады Украіны лічыць неэфектыўнай працу праграмы ЕС «Усходняе партнёрства». «Па маім глыбокім перакананні, станаўленне „Усходняга партнёрства“ яўна зацягнулася. У нас склалася ўражанне, паважаныя калегі, што памянялі палітыку суседства на „Усходняе партнёрства“ для таго, каб выпрацаваць пэўную форму адстойніка для дзяржаў, якія геаграфічна, ментальна, гістарычна адносяцца да Еўропы. Перадусім я маю на ўвазе Украіну», — сказаў Літвін.

Ён выказаў надзею, што эфектыўная праца «Усходняга партнёрства» актывізуецца падчас старшынства Польшчы ў Еўрапейскім Саюзе. «Гэты працэс, я маю на ўвазе „Усходняе партнёрства“, ужо мае патрэбу ў рэанімацыі, нават не пачаўшы сваёй працы. Мы спадзяёмся, верым і разлічваем, што падчас польскага старшынства ў Еўрапейскім Саюзе гэты праект пачне працаваць», — падкрэсліў Літвін.

0
Нехта / Адказаць
15.02.2011 / 20:52
Пасярэднік - якое прыгожае беларускае слова. Хоць яно і дапускаеца слоўнікамі. Побач з пасрэднікам. Але ці такая ўжо ім неабходнасць?
0
Нехта / Адказаць
15.02.2011 / 20:59
Дарэчы, успомнілася гісторыя, як за савецкім часам дзесьці нейкую вёску перайменавалі, ды не зусім пісьменна далі ёй назву Сиреневка. Колькі было пацехі наконт таго, як чуецца гэта, калі гучыць па-беларуску. Мабыць тая вёска і зараз існуе. Мо пад такой назвай.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру