Мне ў спадчыну дасталіся шляхецкія «закідоны» падтрымліваць высакародныя, але безнадзейныя прадпрыемствы.
Таму задоўга да выбараў я вельмі добра сабе ўяўляла, як 20 або 21 снежня (калі збольшага «ўсё будзе скончана» і стане канчаткова ясна, што «гэта назаўжды»), хто-небудзь з маіх знаёмых, сімпатычных калабарацыяністаў, скажа мне з лёгкім садысцкім прыжмурваннем: «Ну, што, дарагая, расстроілася?» А я таксама ласкава так адкажу: «Не, бл…і, узрадавалася — разам з усімі, хто любіць савецкі саюз і не трывае беларускай мовы!.."

Калі марознай раніцай 20 снежня я села ў машыну, каб ехаць у офіс, і ўключыла радыё, дынамікі выплюхнулі кучу пазітыву. Манерныя дыджэі, як заўсёды, забаўлялі недарэчнымі конкурсамі, з усіх сілаў спрабуючы жартаваць смешна. Гучалі лёгкія англамоўныя трэкі і вясёлая расійская папса. У офісе загружаю сайты галоўных дзяржаўных СМІ і бачу толькі скупую інфармацыю, што ўчора ў краіне былі выбары — ні вынікаў, ні падрабязнасцяў — ні-чо-га! Падумаеш, выбары прэзідэнта — дробязь! А ўжо пра тое, каб абмеркаваць факт, што напярэдадні ў цэнтры сталіцы дзясяткі тысяч чалавек хадзілі па праспекце, выкрыквалі нейкія патрабаванні і чым усё гэта скончылася, — на гэта калегі нават не намякнулі.

Потым з’явілася афіцыйная інфармацыя, што 19 снежня па праспекце хадзілі бандыты. Пазней байнэт пазапаўнялі відэазапісы калоны з гэтымі «бандытамі».

Маладыя і не вельмі маладыя светлыя, інтэлігентныя асобы. Стыль адзення — сучасны, еўрапейскі. Як чалавек, які даволі шмат вандруе, магу сказаць, што вялікія скапленні падобных «бандытаў» лёгка можна бачыць у нядзелю на пешаходнай вуліцы любога еўрапейскага горада — Вены, Парыжу або Барселоны. Толькі там яны звычайна не выкрыкваюць лозунгі, а альбо ціха перагаворваюцца, шпацыруючы ад рэстаранчыка да рэстаранчыка, альбо (калі гэта моладзь) штосьці гарлапаняць і рагочуць — ад празмерных пачуццяў.

Шчыра кажучы, агульны «бандыцкі» тыпаж відавочна дысануе з тым, што я назірала 19-га ў сябе на ўчастку ў Заводскім раёне, калі «просты» народ пацягнуўся да выбарчых скрынак. Каржакаваты фігуры, спакаваныя ў самыя маркотныя ўзоры кітайскага шырспажыву. Даўно нямодны абутак. Заможнейшыя у футрах і вушанках, што дэманструюць рэспектабельнасць 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Але твары па-свойму цікавыя. Па-першае, у большасці выбаршчыкаў позірк схаваны пад маскай непрабіўнога вясковага эгаізму. Па-другое, у падвыпілых мужычкоў вочы блішчаць, але зусім не цьмяным бляскам, характэрным для латэнтных алкаголікаў, у якіх ператварылася немалая колькасць нашых чыноўнікаў (а што ім яшчэ застаецца?), а яркімі, простымі і таннымі агеньчыкамі — як выбух кітайскай петарды. Увогуле, як бы там прасунутыя ні лаялі «электарат», па-мойму, насамрэч усё не так дрэнна.

І вядома, не трэба мець сямі пядзяў лоб або належаць да апазіцыі, каб зразумець, што ў той вечар па праспекце хадзіла тая частка беларускага народа, якую трэба называць праеўрапейскай.

Але што ж «просты» народ?
Што ён рабіў пасля таго, як прагаласаваў, сім-тым атаварыўся, выпіў гарэлачкі і паслухаў фальклор на ўчастку? А просты народ ціха сядзеў па хатах, бухаў, варыў боршч. Увогуле, простаму народу, мабыць, было добра. Узнікае толькі некалькі простых і натуральных пытанняў. А што, скажыце, цяпер, «пасля ўсяго», рабіць паспяховым, амбіцыйным, прыстойным, законапаслухмяным беларускім грамадзянам, «абцяжараным» еўрапейскай ментальнасцю, якая так ці інакш прадугледжвае свабоду? Ці яшчэ больш пранікнёна —
як жыць далей у Беларусі таму, у каго талент, сумленне, гарачае сэрца, нацыянальная самасвядомасць і часцей за ўсё — у давяршэнне ўсіх гэтых няшчасцяў — гуманітарная адукацыя?

Гаворка ідзе не пра нейкую дробязь, а пра беларускую інтэлігенцыю, нацыянальную эліту і сярэдні клас. Без гэтых людзей не тое што кітайскую, але нават в’етнамскую мадэль эканомікі не пабудуеш, хіба што паўночнакарэйскую, але пра гэта, цьфу-цьфу, пакуль гаворка не ідзе.

Скажам шчыра: сёння беларуская інтэлігенцыя не збіраецца лезці на барыкады. Але гэтыя людзі не менш за 16 гадоў працавалі па 12 гадзін у суткі. Прыстасоўваліся. Рабіліся прафесіяналамі —
прычым схітраліся рабіць гэта дзесьці на перыферыі вялікіх прафесійных дарог. Будавалі дамы, гадавалі дзяцей. Некаторыя заводзілі бізнэс, іншыя ўдасканальвалі майстэрства. Паступова забывалі беларускую (тыя, хто ведаў) і вучылі англійскую (праўда, толкам так і не вывучылі, бо тут яна не моцна патрэбная).

Уласна кажучы, што далей? Напрыклад, у якім, так бы мовіць, дыяпазоне сёння можна ажыццяўляць інтэлектуальныя «манеўры»? Усе кажуць: трэба баяцца! Ну, і на які ўзор страху арыентавацца, якую эпоху трымаць у галаве — 1863 г., 1937 г., 1976 г.?

Думаю, сёння беларуская інтэлігенцыя, а разам з ёю і ўвесь сярэдні клас, апынуліся ў пастцы. Як любая пастка, наша пастка душыць, не дае нармальна дыхаць, і так будзе працягвацца да таго часу, пакуль, прынамсі, не стане ясна, дзе выхад. Каб акрэсліць, у чым гэтая яснасць заключаецца для мяне, раскажу пра адзін эпізод, які з выбарамі непасрэдна не звязаны.

У кастрычніку мінулага года на партале TUT.BY з’явілася інтэрв’ю з даволі туманным, але для кожнага адукаванага мясцовага чалавека прывабным загалоўкам «Ці патрэбная Беларусі інтэлігенцыя?» У якасці адказчыкаў выступілі два несумнеўных інтэлектуальных гуру краіны — філосаф Валянцін Акудовіч і пісьменніца Святлана Алексіевіч.
Абаіх я паважаю — за несумненны талент, за тое, што думаюць публічна, карацей, шмат за што.
Тым мацней хацелася пачуць ад іх нешта магутнае і канкрэтнае — нешта накшталт тых словаў, якія ў свой час сказаў Папа Ян Павел II: «Не бойцеся!» — каротка і ясна.
Мая павага да гэтых двух беларускіх інтэлектуалаў, вядома, засталася непарушнай, ніякае няўдалае інтэрв’ю не можа яе пахіснуць. Аднак я не чакала такога расчаравання ад гэтай блытанай гутаркі. І асабліва — ад высноваў, якіх, зрэшты, так і не ўдалося падвесці, што нядзіўна, улічваючы канцэнтрацыю напушчаныга туману. Ніхто не агучыў ніводнай думкі (вартай асобаў такога маштабу), якая праліла б святло на будучыню ці хаця б на сучаснасць.

Валянцін Акудовіч (аўтар усім вядомага «Мяне няма») чамусьці гаварыў асцярожнымі інтанацыямі раённага жыхара, які нядаўна пераехаў жыць у сталіцу і баіцца страціць ільготную чаргу на жылплошчу. Цытую: «Не ведаю, мне падабаецца — чыста, дарогі харошыя». Гаворка ідзе пра народ, пра жыццё, так бы мовіць, на месцах. Але справа не ў кантэксце. Справа ў тым, што, па-мойму, гэта была адзіная выразна сфармуляваная думка з доўгай гутаркі. І што гэта — той самы, як цяпер пішуць, мэсідж, якога напярэдадні значнай падзеі ў краіне маюць права чакаць ад буйнога мысляра шараговыя прадстаўнікі няшчаснай беларускай інтэлігенцыі.

Святлана Алексіевіч з нярадасным фаталізмам зацягнула сваю звычайную песню аб тым, што Беларусі і беларускай інтэлігенцыі наканавана вечна заставацца ў прасторы расійскай культуры. Не, паважаная Святлана Аляксандраўна, думаю, так мы з вамі Нобелеўскую прэмію не атрымаем — стоячы сумнай правінцыйнай раскаракай у гэтай самай прасторы…

Пасля інтэрв’ю мне асабіста стала ясна, што тут усё трэба рабіць самому (хочаце чытаць што-небудзь выразнае — напішыце і чытайце).

Таму рызыкну наўпрост адказаць на пастаўленае ў загалоўку пытанне. Ці патрэбная Беларусі інтэлігенцыя? Не, Беларусі інтэлігенцыя не патрэбная!
Беларусі не патрэбная творчая інтэлігенцыя, якая пастаянна капіюе расійскія ўзоры
(якія ў сваю чаргу капіююць заходнія), трапляе пальцам у неба і пры гэтым цалкам абгрунтавана адчувае сваю другаснасць. Справа, вядома, у мове, але не толькі ў ёй. Можна сказаць так: паважаная беларуская інтэлігенцыя, а таксама эліта, пішыце, гаварыце, спявайце на беларускай, расійскай або нават на кітайскай. Але для пачатку рабіце гэта так, каб калі і не ўвесь народ, то хоць бы праеўрапейская яго частка (нават паводле афіцыйнай статыстыкі гэта 20%, амаль два мільёны!) зямлю капала, каб паслухаць вас і пачытаць, даведацца вашыя думкі. Кажыце пра сваё, пра беларускае, але так, каб было зразумела ва ўсім свеце. І не трэба нам ніякай агульнага прасторы! Там, у гэтай расійскай прасторы, мы нікому не патрэбныя. Там няма чаго рабіць. Не спрачаюся — там грошы, нафта, крыху больш дэмакратыі, чым у нас, шмат прыстойных і таленавітых людзей. Там можна знайсці вялікую зарплату, выдаўца, сяброў ці нават палітычны прытулак. Але інтэлігентным прадстаўнікам маленькага еўрапейскага народа глабальна прымазвацца да гэтай цёмнай, незразумелай, чужой прасторы, якая, шчыра кажучы, толькі зрэдку асвятляецца ўспышкамі разважнасці, — ментальнае самагубства.
Беларусі не патрэбная інтэлігенцыя, якая са смешнай патрыярхальнай фанабэрыстасцю талдычыць, што палітыка — брудная справа.
Прабачце, а вы ёю займаліся? І не будзеце ні за што на свеце? Таму што лічыце сябе сумленным, шчырым і прыстойным чалавекам? Таму добразычліва пакідаеце гэты занятак брудным суб’ектам, якія з радасцю цягнуць вас на дно? Можа быць, да прыкладу, у Беларусі, Расіі ці Егіпце сённяшняя палітыка — «мадам» сапраўды несумленная. А, скажам, у Эстоніі, Чэхіі ці Аўстраліі — дык і нічога «дзяўчына», ахайная, дагледжаная. Ну і на якія ўзоры будзем арыентавацца? Мне здаецца, калі б палітыка паўсюдна і пагалоўна была бруднай, сусветная палітычная эліта не віншавала б у Лондане, у «Альберт-холе», Гарбачова з 80-годдзем. Генеральны сакратар, прызначаны пажыццёва, спачатку па сваёй волі адпусціў гайкі, а потым уласнаручна адмовіўся ад улады, дакладней, аддаў яе свайму канкурэнту Ельцыну. Гэта брудна?
Беларусі не патрэбная інтэлігенцыя, якая абвяшчае, што праўды няма,
што вось, маўляў, заўсёды ёсць два бакі медаля (ці нават тры), і тым самым адкрывае дарогу для бясконцых маніпуляцый грамадскай думкай, што мы і назіраем. Як журналіст аўтарытэтна сцвярджаю — праўда ёсць. Але праўда — гэта ж не нейкая лёгкадаступная дрэнь, якая валяецца пад нагамі і якую кожны дурань можа, праходзячы міма, падняць і, змахнуўшы пыл, пакласці ў кішэню. Праўда — гэта брыльянт, за якім трэба, вобразна кажучы, залезці ў брудную шахту, дастаць, адшліфаваць, аправіць і, рызыкуючы сабою, выставіць на ўсеагульны агляд. Тыя, хто хоць раз дакопваўся да ісціны, ведаюць, як цяжка гэта рабіць. Тым не менш, калі праўда ўсё ж такі з’яўляецца на святло, усё ўрэшце робіцца проста, ясна і добра.

Дакладна гэтак жа, пакапаўшыся і падумаўшы, кожны можа дакладна адказаць на пытанне, што сёння адбываецца ў Беларусі і як гэта называецца. І няма ніякіх двух праўдаў, трох бакоў медаля і іншага. Думаю, той час, які мы перажываем, — гэта зусім не пэўны гістарычны этап, які трэба прайсці і які ледзь не карысны, як лічаць некаторыя. Гэта проста такі тупік, у які мы ўсе разам залезлі і ў якім, калі мець кашу ў галаве, можна сядзець невядома колькі часу.

Я, вядома, не ведаю, калі і як усё скончыцца. І ці скончыцца наогул. У асабліва сумныя моманты ўспамінаецца бясконца сумная фраза Васіля Быкава, які ў адным з апошніх інтэрв’ю сказаў, падціскаючы і без таго тонкія вусны: «Нам тут шчасця не будзе…» І ўвогуле, няма прычынаў не давяраць генію. Але прыродны аптымізм, а таксама шляхецкія «закідоны» настойліва паўтараюць мне, што ўрэшце нам дапаможа Бог і трошкі мы самі…

…А да гонару ўсіх «бл…ёў» трэба сказаць, што 20, 21, 22 снежня і ўсе наступныя дні ніхто нічога з’едлівага мне не сказаў. Усе маўчалі, усе былі засмучаныя і прыгнечаныя. І ў такім жа настроі многія знаходзяцца і цяпер. Нечакана для сябе напісаўшы гэты матэрыял, я даволі доўга думала, ці трэба яго недзе размяшчаць. Навошта? Палітыка — не мая тэма. Але матэрыял нарадзіўся і патрабаваў далейшага жыцця. Таму я вырашыла апублікаваць яго, проста каб сказаць: я есть, я ёсць, я тут! А вы?

* * *

Лілія Кобзік — рэдактарка газеты «Туризм и отдых».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?