А адзначаць юбілей будуць на дзяржаўным узроўні.

Ул.Дубоўка, А.Ажгiрэй, А.Александровiч каля магiлы Багдановiча, жнівень 1924 г.

Ул.Дубоўка, А.Ажгiрэй, А.Александровiч каля магiлы Багдановiча, жнівень 1924 г.

Так магіла паэта выглядае сёння.

Так магіла паэта выглядае сёння.

Як паведаміла БелТА, Савет Міністраў зацвердзіў рашэнне аб правядзенні рэспубліканскіх і рэгіянальных мерапрыемстваў з нагоды 120-годдзя паэта. Для гэтага стварылі арганізацыйны камітэт на чале з міністрам культуры Паўлаў Латушкам. Акрамя звычайных выстаў і літаратурных імпрэзаў

запланаваныя рэстаўрацыя дома ў Траецкім прадмесці, дзе нарадзіўся паэт, выданне энцыклапедыі «Максім Багдановіч» і факсіміле яго «Вянка». А ў Гродне абяцаюць паставіць помнік.

Максім Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891 года ў Мінску. Паэт, перакладчык. Аўтар адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў «Вянок» (1913/14). Большую частку жыцця правёў у Расіі. Хварэў на сухоты. Памёр 25 мая 1917 года ў Ялце, дзе і пахаваны.

Але не менш важным застаецца пытанне з магілай паэта, якая знаходзіцца ў Ялце. Ці будуць яго парэшткі перазахаваны ў Беларусі? Дырэктарка Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Таццяна Шэляговіч паведаміла, што такое рашэнне не прынятае. А музей увогуле не ініцыюе падобны акт.

Спн. Шэляговіч кажа, што няма ўпэўненасці ў дакладным месцы знаходжання парэшткаў паэта.

Яе скептыцызм грунтуецца на гісторыі, калі ў 1924 годзе паэты Дубоўка, Ажгірэй і Александровіч паехалі ў Ялту на пошукі магілы Багдановіча. На могілках яны «зацiкавiлi вартаўнiковых сыноў, якiя ўзялiся дапамагаць шуканню. Прыйшлi на другi дзень, 19 жнiўня. Хлапчукi прынеслi нам таблiчку з жалобным надпiсам, але крыжа няма... Аказалася, хлапчукi адрывалi таблiчкi ад крыжоў i коўзалiся на iх з каменнай гары, па адхону гары», — так апісаў вынікі паездкі Уладзімір Дубоўка, хаця ён быў упэўнены, што паказаная ім вартаўніком магіла была сапраўды Максіма Багдановіча. А калі з’язджалі пісьменнікі, закапалі на тым месцы цыдулку ў шклянцы, каб наступны раз не пераблытаць. Але калі прыехала чарговая дэлегацыя, адшукалі нібыта падобную магілу. Шклянку, праўда, не знайшлі. А помнік паставілі.

Магіла была страчана, а пасля адшукана.

Таццяна Шэляговіч адзначае, што можна было б правесці даследаванне парэшткаў. Але ніхто на гэта не пайшоў. І ўпэўнена, што перавоз магілы паэта сёння нічога не дасць. «Мы больш страцім, чым знойдзем. Наша грамадства не гатовае, каб учыніць такі акт. І сёння для Багдановіча лепей там». Маўляў, галоўнае — паэзія Багдановіча, міфы, якія ахуталі яго імя. А калі ў Мінску створаць «пантэон», то наведваць яго будзе меншая колькасць людзей, чым нават ездзяць у Ялту на яго магілу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?