Вечарам 16 лютага ва ўпраўленні КДБ па Магілёўскай вобласці быў дапытаны актывіст зарэгістраванага ў Чэхіі грамадскага аб’яднання «Малады фронт» Валянцін Лабачоў.

Лабачоў паведаміў, што напярэдадні быў выкліканы ў КДБ позвай пад роспіс да следчага Аляксандра Церахава як сведка. У позве не было згадана, па якой справе выклікаўся актывіст.

«Размова доўжылася больш як дзве гадзіны. Яна тычылася падзей 19 снежня ў Мінску і маёй дзейнасці ў „Маладым фронце“. Больш падрабязна я сказаць не магу, бо даў падпіску аб невыдаванні», — заўважыў Лабачоў. Пры гэтым ён зазначыў, што ў пратакол допыту не ўносіліся пытанні следчага, а запісваліся толькі адказы.

На думку магілёўскага праваабаронцы Барыса Бухеля, які не быў дапушчаны на допыт у якасці прадстаўніка Лабачова, калі пратакол складаецца такім чынам, то гэта з’яўляецца парушэннем. «Цяпер немагчыма ўстанавіць, задаваў следчы пытанні, што тычыліся толькі гэтай крымінальнай справы, або былі яшчэ ўсякага кшталту навадныя пытанні, а таксама пытанні, якія не маюць дачынення да справы аб беспарадках у Мінску», — сказаў Бухель.

8 лютага Лабачоў быў прыгавораны судом Ленінскага раёна Магілёва да сямі сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце салідарнасці з палітзняволенымі 16 студзеня. 15 лютага актывіст быў вызвалены з ізалятара часовага ўтрымання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?