У матчы 1/16 фіналу футбольнай Лігі Еўропы БАТЭ (Барысаў) згуляў унічыю з «Пары Сэн-Жэрмэнам» — 2:2 (першы тайм — 1:1).
Фотарэпартаж

На 16-й хвіліне лік у гульні адкрыў пасля філіграннага паса пяткай Віталя Радзівонава Рэнан Брэсан. На 29-й французскі клуб лік зраўняў. Вызначыўся Мэўлют Эрдзінч (пас — Люіндула). З лікам 1:1 каманды і пайшлі на перапынак. З увагі на мароз у мінус 11 адчувалася, што галы яшчэ будуць. Гульцы бегалі па полі, што босыя на вогнішчы.

***

У пачатку другога тайма здалося, што французы пераламалі хаду гульні, але падапечныя Віктара Ганчарэнкі вытрывалі і нават паступова не толькі вярнулі парытэт, але і мелі пару шанцаў выйсці наперад.

Не са 100-працэнтных, але добрых пазіцый пудлавалі Валадзько і Радзівонаў.

Нашы выйшлі наперад на 81-й хвіліне. Пасля ўдару Валадзько мяч трапіў у штангу, і на дабіванні выдатна згуляў навабранец БАТЭ Міхаіл Гардзяйчук, які пяццю хвілінамі раней выйшаў на замену.

А праз пяць хвілінаў беларусы ледзь не давялі лік да 3:1. Як па варотах не трапіў Максім Скавыш, што выйшаў на замену двума хвілінамі раней, — загадка. На ўбойную пазіцыю яго вывеў Павел Няхайчык, але Максім стоячы па цэнтры варот з сямі метраў не трапіў па варотах! Шкада...

А на 89-й хвіліне спрацаваў прынцып «Не забіваеш ты — забіваюць табе». Кропку ў гульні паставіў Люіндула (пас — Маканда) — 2:2.

Гульня ў адказ пройдзе 24 лютага ў Парыжы.

Чаму б не пастарацца выйграць у сталіцы Францыі?

Пераможца сустрэнецца з пераможцам пары «Бенфіка» — «Штутгарт» (першы матч — 2:1).

***

БАТЭ: Гутар, Шытаў, Юрэвіч, Сіміч, Валадзько, Брэсан (Гардзяйчук, 75), Няхайчык, Бардачоў, Аляхновіч, Рудзік (Ліхтаровіч, 65), Радзівонаў (Скавыш, 83).

ПСЖ: Эдэль, Сеара, Сахо, Камара, Жулі (Бадмер, 68), Люіндула, Эрдзінч (Маканда, 83), Нене (Марыс, 63), Шантыла, Клеман, Жале.

Галы: 1:0 - Брэсан (16). 1:1 - Эрдзінч (30). 2:1 - Гардзяйчук (81). 2:2 - Люіндула (89).

Папярэджанне: Клеман (36-я).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?