19.02.2011 / 19:45

Невядомы паплечнік Статкевіча 11

Гутарка з бабуляй Сяргея Марцалева.

Сяргей Марцалеў не быў на Плошчы 19 снежня, але абвінавачваецца ў арганізацыі беспарадкаў. Ад яго апошняга прыйшоў ліст з турмы КДБ. І за паўтара месяца зняволення была толькі адна сустрэча з адвакатам.

Першы ліст Сяргей Марцалеў даслаў бабулі Зоі Фёдараўне ў канцы студзені. Ён быў зусім кароткі. А на мінулым тыдні прыйшоў ужо другі допіс. Значна большы. У ім Сяргей жартаваў нават.

Не думаў, не гадаў

Марцалеў быў кіраўніком штаба кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча. Калі 19 снежня на плошчы пачаўся хапун, Сяргея не забралі: яго там не было. Ён удзельнічаў у шэсці з Кастрычніцкай плошчы да Дома ўрада. А пасля сышоў.

«Яму трэ было адразу з’язджаць у Польшчу», — адзначае яго бабуля Зоя Фёдараўна. А ён адмаўляўся ехаць.

Паплечнік па сацыял-дэмакратыі Аляксей Сігаеў кажа, што Сяргей не верыў у сваё затрыманне. «Я напаўжартам у яго запытаўся: „Ты яшчэ на волі?“ Ён сказаў, што баяцца няма чаго. Маўляў, ён нічога не рабіў».

Арыштавалі Марцалева ўначы 23 снежня, знялі з цягніка. Ён ехаў у Варшаву для ўдзелу ў перадачы «Белсата». Перавезлі ў турму КДБ.

«Добра, што ён не абвясціў галадоўкі», — заўважае Зоя Фёдараўна. Лічыць, што так яшчэ горш сабе зрабіў бы.

Адзначаны Пазняком

Сяргей нарадзіўся ў сям’і патомных акадэмікаў.

Адзін дзед, Станіслаў Марцалеў, узначальваў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук.

Доугі дзед, Леанід Яўменаў — акадэмік-філосаф.

Сяргей у чыстую навуку не пайшоў, але пераняў любоў да чытання.

Зоя Фёдараўна (пасля разводу бацькоў Сяргей з маленства жыў з бабуляй) успамінае выпадак, калі ён не хацеў спаць і прасіў яе пачытаць перад сном. Было яму толькі чатыры гады. А Зоі Фёдараўне трэ было праглядзець апошні нумар газеты «Правда». І жанчына ўзялася чытаць перадавіцу. Спыталася, ці яму цікава. Хлопчык адказаў, што так. І слухаў далей.

Сам чытаць Сяргей навучыўся задоўга да школы. Чытаў запоем. Падчас перабудовы яшчэ падлеткам пачаў цікавіцца палітыкай. У 13 гадоў разам з сябрам зайшоў на сядзібу Партыі БНФ. Там падлеткаў прыкмеціў Пазняк і назваў іх «нашай будучыняй». Для хлопца гэта было запамінальна. Сваёй радасцю ён адразу падзяліўся з бабуляй.

Адлічаны Казуліным

Яго і з факультэта міжнародных адносін БДУ выключалі за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Сяргей пратэставаў супраць размеркавання студэнтаў у чарнобыльскую зону. Афіцыйна выключылі яго за непаспяховасць, хаця вучыўся ён добра. Рэктарам БДУ тады быў Аляксандр Казулін.

Калі ўжо Казулін пайшоў у палітыку, Марцалеў разам з ім працаваў. Зоя Фёдараўна кажа, што ўнук крыўды не трымаў.

Пасля адлічэння з БДУ Сяргей паступіў у Расійскі дзяржаўны гуманітарны ўніверсітэт. І там не давучыўся. Яго папрасілі вярнуцца ў Беларусь, дзе абралі старшынёй Маладой грамады — моладзевай арганізацыі пры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада).

Лідар сацдэмаў Анатоль Сідарэвіч адзначае, што запомніўся Сяргей не шарагоўцам, а дэманстрантам. «Запомніў яго мужную галадоўку ў ізалятары на Акрэсціна». Сяргей «не згадзіўся з тым, каб Мікола Статкевіч падмяў Маладую грамаду пад партыю». Выступаў за аўтаномны статус. Але пасля працаваў і са Статкевічам — кіраваў яго выбарчым штабам. Марцалеў — чалавек неканфліктны, ставіць палітычнае над асабістым.

Пасля дзвюх няўдалых спробаў атрымаць вышэйшую адукацыю паступіў ў Познанскі ўніверсітэт на паліталогію.

Узрост Хрыста

Зоя Фёдараўна штотыдзень адпраўляе ўнуку па тры лісты. Падпісала на люты яго на пяць газет, у тым ліку на «Нашу Ніву». Але Сяргей напісаў, што атрымлівае толькі «Комсомольскую правду в Белоруссіі». Жанчына спадзяецца, што яго выпусцяць хутка. Каб унук нарэшце ашчаслівіў яе — ажаніўся. «Сяргею 33 ужо гады. Узрост Хрыста», — заўважае яна.

Сяргей Макарэвіч

0
сваяк / Адказаць
19.02.2011 / 22:38
Марцалеў быў першым у гісторыі сучаснай Беларусі, хто пад канец 90-тых абвесціў і трымаў 10 дзён сухую галадоўку.
0
Юля / Адказаць
20.02.2011 / 00:08
"невядомы" - это из-за юного возраста автора. А мог бы погуглить.
0
юлія / Адказаць
20.02.2011 / 09:02
"невядомы" по отношению к Марцелеву звучит полной чушью. Станислав Марцелев - не его отец, а его дед. "З маленства з бабуляй" тоже звучит как чушь и истине не соответствует. В общем, трындец, а не материал. кстати, а как НН относится к понятию "оценочность"??? вот КОМУ Марцелев "невядомы"? что такое невядомы по сравнению с ВЯДОМЫ? что это за оценочные категории в заголовке?
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру