Мінюст вывеў кіраўніка Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Аляксандра Пыльчанку са складу Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці.

Аляксандр Пыльчанка. Фота БелТА.

Аляксандр Пыльчанка. Фота БелТА.

Гэты загад міністра юстыцыі Галаванава быў апублікаваны на сайце міністэрства 18 лютага.

Гэты чарговы крок у беспрэцэдэнтным наступе лукашэнкаўцаў на адвакатуру — адзін з апошніх адносна незалежных інстытутаў беларускага грамадства.

Пыльчанку вывелі з камісіі без аніякіх тлумачэнняў.
Мінюст адыгрывае заўважную ролю ў новай кампаніі ціску на недзяржаўныя арганізацыі. Сярод праваабароцаў ёсць устойлівае перакананне, што дзейны склад Мінюста ўкамплектаваны былымі і дзейнымі супрацоўнікамі спецслужбаў.

Адназначна пагрозлівы крок на адрас Пыльчанкі быў здзейснены ў той самы дзень, калі ён выказаў занепакоенасць пазбаўленнем ліцэнзій чатырох адвакатаў, датычных абароны палітвязняў, што праходзяць па справе аб «беспарадках», як лукашэнкаўцы называюць масавыя пратэсты з патрабаваннем сыходу Лукашэнкі, свабодных выбараў і аднаўлення неад’емных правоў чалавека. Яны адбыліся 19 снежня, у дзень так званых «выбараў».

«Увесь кіруючы склад Мінскай гарадской калегіі адвакатаў лічыць наяўную сітуацыю крытычнай, якая рэальна пагражае незалежнасці адвакатуры як прававога інстытута, гэтак і незалежнасці адвакатаў паасобку», —
заявіў старшыня Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Аляксандр Пыльчанка, каментуючы пазбаўленне адвакатаў ліцэнзій.

Як паведаміў Пыльчанка, 17 лютага на пашыраным пасяджэнні прэзідыума калегіі, якое праходзіла з удзелам кіраўнікоў юрыдычных кансультацый, абмяркоўвалася пытанне аб пазбаўленні чатырох адвакатаў ліцэнзій.

4 лютага Міністэрства юстыцыі прыняло пастанову аб пазбаўленні ліцэнзіі чатырох адвакатаў Мінскай гарадской калегіі, якія абаранялі ўдзельнікаў акцыі 19 снежня, — Алега Агеева, Таццяны Агеевай, Уладзіміра Тоўсціка і Тамары Гараевай.

Дзеянне ліцэнзій, выдадзеных Алегу Агееву (адвакат экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксея Міхалевіча) і Таццяне Агеевай, спынена нібыта «за грубыя парушэнні парадку афармлення пагадненняў на аказанне юрыдычнай дапамогі, чыненне перашкод органу ліцэнзавання ў правядзенні мерапрыемстваў па кантролі за выкананнем заканадаўства, якое праявілася ў падаванні непраўдзівых звестак». Уладзімір Тоўсцік і Тамара Гараева пазбаўлены ліцэнзій нібыта «за грубыя парушэнні заканадаўства аб ліцэнзаванні, якія праявіліся ў адмове аказання юрыдычнай дапамогі Ірыне Халіп».

Між тым, як паведаміў Аляксандр Пыльчанка, у дачыненні да чатырох названых адвакатаў ніякіх прадстаўленняў адносна іх прафесійнай дзейнасці ў калегію не ўносілася. Адпаведна, ніякіх дысцыплінарных вытворчасцяў у дачыненні да іх не распачыналася.

Пыльчанка таксама паведаміў, што на пашыраным пасяджэнні Мінскай гарадской калегіі адвакатаў абмяркоўвалася ініцыятыва Мінюста па прыняцці правілаў прафесійнай этыкі адвакатаў. Такія правілы, падкрэсліў старшыня калегіі, «павінны прымацца выключна адвакацкай супольнасцю».

У сувязі з гэтым прынята рашэнне правесці нечарговы экстраны сход Мінскай гарадской калегіі адвакатаў з запрашэннем усіх зацікаўленых асоб, сказаў Пыльчанка.

Нагадаем, у канцы снежня Мінюст убачыў «грубыя парушэнні правілаў прафесійнай этыкі» ў дзеяннях некаторых адвакатаў, якія абараняюць удзельнікаў акцыі 19 снежня. Кіраўніцтву Мінскай гарадской калегіі адвакатаў было зроблена прадстаўленне з патрабаваннем прыняць «неадкладныя меры да безумоўнага выканання адвакатамі Правілаў прафесійнай этыкі і заканадаўства». Аднак прэзідыум калегіі не ўбачыў падстаў для прымянення якіх-небудзь санкцый у дачыненні да адвакатаў.

За санкцыямі праглядаецца жаданне запалохаць, каб адвакаты ўвогуле баяліся палітычных справаў як агню. Каб баяліся брацца за абарону палітвязняў ад пачатку. Тады спецслужбы маглі б навязваць палітвязням (і ў кожным іншым «патрэбным» выпадку) дзяржаўнага, абыякавага ці «патрэбнага» адваката.

1 лютага Рада калегій адвакатаў Еўропы заклікаў міністра юстыцыі Беларусі Віктара Галаванава «гарантаваць прынцыпы незалежнасці прафесійных асацыяцый адвакатаў і непрадузятасці дысцыплінарных разбораў».

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», адвакаты і праваабронцы розных краін Еўропы збіраюць сродкі для тэрміновай дапамогі сваім беларускім калегам.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?