Лідэра Дэмакратычных сілаў сёньня ўвечары затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце «Менск-2», калі ён вяртаўся з Рыскага саміту НАТО, дзе сустракаўся з прэзыдэнтамі Бушам і Віке-Фрайбэргай. Яго адпусьцілі а 20.40. Яго абвінавачваюць у «наўмысным перасячэньні мяжы па несапраўдных дакумэнтах». За гэта яму пагражае два месяцы папраўчых работаў. А ўся справа ў тым, што ў часе ягонага ад'езду паблыталі ягоны пашпарт з пашпартам ягонага сына.

Як паведаміў прэсавы сакратар Аляксандра Мілінкевіча Павал Мажэйка, лідэра аб’яднанай апазыцыі сёньня ўвечары затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце «Менск-2». Мілінкевіч вяртаўся з Рыскага саміту НАТО. Пра затрыманьне А.Мілінкевіч пасьпеў паведаміць, пакуль у яго ня вымкнулі мабільнік. "Памежнікі й супрацоўнікі ў цывільным заявілі Мілінкевічу, што ягоныя дакумэнты не ў парадку, што выдае на тое, што ён іх падрабіў. І ён пасьпеў сказаць, што складаецца пратакол менавіта пра фальшывыя дакумэнты. Наколькі я зразумеў і па голасе і па зьмесьце таго, што ён сказаў, сытуацыя досыць сур’ёзная».

Павал Мажэйка сказаў, што ў Мілінкевіча, ясная рэч, законны пашпарт, зь якім ён легальна выехаў у Рыгу і шмат падарожнічае. Спадар Мажэйка назваў выпадак чарговай правакацыяй і псыхалягічным ціскам напярэдадні паездкі экс-кандыдата ў прэзыдэнты ў Страсбург на сэсію Эўрапарлямэнту. Там Мілінкевічу маюць уручыць прэмію імя А.Сахарава.

Між тым сутнасьць справы анэкдатычная. Калі Мілінкевіч вылятаў у Рыгу на саміт НАТО, то памылкова аддаў памежнікам ня свой пашпарт, а пашпарт сына – таксама Аляксандра Мілінкевіча, але Аляксандравіча і 1974 году нараджэньня. Сынаў дакумэнт ляжаў у бацькі выпадкова ў адной кішэні зь ягоным. Памежнікі, мусіць, не зьвярнулі ўвагі, што Мілінкевіч на 25 гадоў старэйшы за адзначаны ў дакумэнце ўзрост, што ў пашпарце адсутнічае латвійская віза, дый блямбнулі туды штамп. Як цяпер робіцца: "Таварыш начальнік, тут Мілінкевіч едзе. Абшукваць з разьдзяваньнем? Не. Ну то шчасьлівую дарогу". Сам Мілінкевіч выявіў, што яму паставілі штамп у пашпарт сына толькі ў Рызе. Гэты выпадак ужо ўчора як анэкдот гуляў па менскіх палітычных і дыпляматычных калідорах.

Варта нагадаць, што Мілінкевіч удзельнічаў у Рызе ў саміце на запрашэньне прэзыдэнта Латвіі Вайры Віке-Фрайбэргі. Падчас саміту ён меў кароткі абмен думкамі з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам. Ён таксама меў грунтоўныя гаворкі зь вядомымі палітолягамі Зьбігневам Бжазінскім (ЗША) і Сяргеем Караганавым (Расея).

20.30

Ніякіх новых зьвестак пра Мілінкевіча няма. «Апошні раз удалося зь ім зьвязацца напачтку 18-й гадзіны, — кажа прэс-сакратар палітыка Павал Мажэйка. — Ад таго часу сувязі зь ім няма, тэлефон адключаны». Афіцыйныя асобы адмаўляюцца даваць інфармацыю, дзе Мілінкевіч, што зь ім, калі яго адпусьцяць. З-за адсутнасьці інфармацыі людзі, што чакаюць Мілінкевіча ў аэрапорце, нават ня пэўненыя, ці палітык увогуле яшчэ там.

20.50

Некалькі хвілін таму Аляксандар Мілінкевіч быў вызвалены ў аэрапорце «Менск-2». Яго абвінавацілі ў наўмысным перасячэньні мяжы па несапраўдных дакумэнтах. Па гэтым абвінавачваньні яму пагражае вялікі штраф або папраўчыя работы да 2-х месяцаў.

Застаецца дадаць, што гэта ўжо, прынамсі, шостае затрыманьне Мілінкевіча сёлета.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?