Сын Кадафі Сэйф уль-Іслам пагражае грамадзянскай вайной.

Сын Кадафі Сэйф уль-Іслам пагражае грамадзянскай вайной.

Кадафі не раз сустракаўся з Лукашэнкам.

Кадафі не раз сустракаўся з Лукашэнкам.

Уранку ў панядзелак на дзяржаўным тэлебачанні са зваротам выступіў сын лівійскага дыктатара Сейф-уль-Іслам.

Ён заявіў, што ягоны бацька застаецца ў краіне і паабяцаў рэформы. Ён паабяцаў таксама стварэнне свабодных СМІ і адмену рэпрэсіўных законаў.

Ён прызнаў памылкі дзейнай улады. «Вы кажаце: „Мы хочам дэмакратыі і правоў“. Мы можам разам абмяркоўваць гэтыя пытанні. Мы даўно ўжо павінны былі іх абмяркоўваць. Так што зараз ці ніколі», — абяцаў Сейф уль-Іслам.

Ён дадаў, што Кадафі «і сам хоча», каб у краіне паявілася канстытуцыя. Ён абяцаў, што ўжо ў панядзелак днём Усеагульны народны кангрэс скліча пасяджэнне для абмеркавання маючых адбыцца ліберальных рэформаў.

«У нас два варыянты дзеянняў: мы можам пачаць рэформы неадкладна — і гэта будзе гістарычны момант. Або вайна", — заявіў Сейф уль-Іслам. «Наступствы будуць горшыя, чым тыя, што былі ў Югаславіі, калі мы не абярэм першы варыянт».

«Заўтра мы пабудуем новую, моцную Лівію», — абяцаў ён.

Ягоны тэлезварот адбыўся пасля таго, як крывавыя пратэсты супраць Кадафі, што кіруе Лівіяй 42 гады, перакінуліся на сталіцу краіны, горад Трыпалі.

Учора паўстанцы ў Трыпалі занялі цэнтральную плошчу сталіцы і будынак Вярхоўнага суда. Іх атакавала асабістая гвардыя Кадафі.

Сейф-уль-Іслам Кадафі ў сваім звароце зноў і зноў пагражаў, што ў выпадку працягу пратэстаў краіна можа пагрузіцца ў крывавую грамадзянскую вайну. Ён звязваў апазіцыю з вайной. «Краіна расколецца, як Паўночная і Паўднёвая Карэя», — сказаў ён. Сын Кадафі сцвярджаў, што армія падтрымлівае ягонага бацьку. «Мы будзем змагацца да апошняй хвіліны, да апошняга патрона», — заявіў ён у тых самых выразах, якія калісьці ўжываў і Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пагрозы свайму кіраванню.

Сейф-уль-Іслам сказаў, што ягоны бацька ўзначальвае аперацыі супраць паўстанцаў, але прызнаў, што мяцежнікі захапілі некаторыя вайсковыя базы, танкі і ўзбраенні. «Цяпер алкаголікі ездзяць на танках па Бенгазі», – палохаў Сейф уль-Іслам.

«Мы не Туніс і не Егіпет», — заклінаў Кадафі-малодшы. «У нас няма партый, у нас кланы і плямёны, — казаў ён. — Нас аб’ядноўвае нафта. Калі падзеі працягнуцца, замежныя інвестары не будуць прыходзіць у Лівію». «У нас будзе новы сцяг і гімн. Але ў нас не будзе нафты, і хлеба таксама не будзе. Цяпер мы смуткуем па 200 загінулых, а будзем смуткаваць па ста тысячах».

У прызнаў «памылкі» арміі ў барацьбе з «беспарадкамі», але заявіў, што колькасць ахвяраў перабольшана. Паводле ягоных словаў, у сталіцы, Трыпалі загінулі 14, а ў Бенгазі — 84 асобы.

Праваабаронцы называлі лічбу 174 ахвяры па стане на нядзелю, без уліку крывавых падзей у самім Трыпалі. Між тым дактары з бальніц Бенгазі гаварылі пра сотні ахвяраў.

Сын Кадафі абвінаваціў у падзеях замежныя сілы. Ён назваў паўстанцаў «бандытамі» і «наркаманамі».

Як лічыць Сейф уль-Іслам, за арганізацыяй беспарадкаў у Лівіі стаяць «тры сілы»: палітычныя актывісты, з якімі Кадафі гатовы абмяркоўваць будучыя рэформы, «ісламісцкія элементы» і нафтавыя магнаты.

«Ісламісцкія элементы», па словах сына лівійскага лідэра, гэта выхадцы з суседніх арабскіх дзяржаў, якія прыбылі для арганізацыі беспарадкаў па тым жа сцэнары, што і ў Егіпце.

«Туніскія і егіпецкія найміты таксама тут, і пры тым яны ўзброеныя. Яны прыйшлі, каб падзяліць і захапіць нашу краіну», — заявіў Сейф уль-Іслам. Ён нагадаў, што напярэдадні спецслужбы раскрылі «шпіёнскую сетку», якая складаецца з грамадзян іншых арабскіх дзяржаў.

Гаворачы аб зацікаўленасці нафтавых магнатаў ў лівійскай рэвалюцыі, Сейф аль-Іслам нагадаў, што нафта — асноўная крыніца даходаў дзяржаўнага бюджэту для Лівіі, і ў выпадку грамадзянскай вайны не будзе каму кіраваць галіной і размяркоўваць даходы ад продажу. «Пачнецца бітва за нафту».

У звароце да нацыі Сейф уль-Іслам даказваў, што Лівія — «не Туніс і не Егіпет», што для яго краіны «непрымальны і немагчымы сцэнар рэвалюцый», якія адбыліся ў гэтых афрыканскіх краінах.

«Кадафі — не Мубарак і не Бэн Алі, класічныя тыраны. Ён — народны лідар. І цяпер дзясяткі тысяч чалавек накіроўваюцца сюды, каб падтрымаць яго», — запэўніваў Сейф уль-Іслам.

У завяршэнні тэлезвароту Сейф аль-Іслам нагадаў пра «хаос» 1951–1969 гадоў, калі Лівія спачатку стала незалежным каралеўствам, а затым рэспублікай і хваліў парадак у краіне.

Эксцэнтрычны і істэрычны Кадафі ўсталяваў у Лівіі рэжым асабістай улады сваёй сям’і, прыкрыты фармальным народаўладдзем, або Джамахірыяй.

У нядзелю некалькі тысяч чалавек у Трыпалі выйшлі на вуліцы. Яны палілі партрэты Кадафі і грамілі памяшканні паліцыі і т.хв. «народных камітэтаў» — г.зн. аналага беларускай вертыкалі ўлады.

Пазней у нядзелю пасол Лівіі ў Кітаі заклікаў армію ўмяшацца і ўзяць уладу ў свае рукі. Ён заявіў, што ў сталіцы пачаліся баі паміж сынамі Кадафі. Таксама ў нядзелю прыйшлі паведамленні, што два найбуйнейшыя берберскія плямёны падтрымалі паўстанне і ўзялі пад свой кантроль поўдзень краіны.

* * *

Палкоўнік Муамар Кадафі пакінуў Лівію і накіраваўся ў адну з краін Лацінскай Амерыкі.

Пра гэта паведамляе тэлеканал «Аль-Арабія» са спасылкай на сябра Міжнароднага крымінальнага суда, выгнанага з краіны лівійскага апазіцыянера Хайдзі Шалауфа.

Меркавана, Кадафі накіраваўся ў Венесуэлу або Бразілію.

Як адзначае тэлеканал, ускосным доказам ад’езду Кадафі можа служыць тое,

што са сталіцы Трыпалі да цяперашняга моманту сышлі ўсе падраздзяленні дзяржаўнай службы бяспекі.

Кадафі кіруе Лівіяй ад 1969 г., больш за 40 гадоў.

* * *

00:20

У сталіцы Лівіі Трыпалі праходзяць сутыкнення пратэстоўцаў і прыхільнікаў лівійскага лідэра Муамара Кадафі, паведамляе тэлеканал «Аль-Джазіра».

Таксама паведамляецца, паводле інфармацыі арабскіх спадарожнікавых тэлеканалаў, падраздзяленні сіл спецыяльнага прызначэння лівійскай арміі ў горадзе Бенгазі на ўсходзе краіны перайшлі на бок праціўнікаў рэжыму лівійскага лідэра Муамара Кадафі.

Паводле інфармацыі тэлеканала «Аль-Джазіра», вайскоўцы паведамілі жыхарам, што горад вольны ад сіл бяспекі, адданых Кадафі.

Таксама тэлеканал паведамляе,

што прадстаўнік Лівіі ў Лізе арабскіх дзяржаў падаў у адстаўку і далучыўся да пратэстоўцаў.

Паводле дадзеных тэлеканала, чыноўнік сышоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць разгону дэманстрантаў, які ён назваў бойняй.

Раней агенцтва Reuters паведаміла,

што ўзвод лівійскай арміі далучыўся да прысутных і нават уступіў у бой з асабістай аховай Кадафі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?