У Дзень роднай мовы публікуем верш Уладзіміра Някляева, напісаны ў 1999 годзе.
- Народу можа засціць зрок
Без дай прычыны.
Ды бачыць Божа кожны крок
На звод Айчыны.
- У вочы вам адплаты час
Зірне сурова.
Каб дзеці апраўдалі вас
Вярніце Мову!
- Няма пачаткаў і канцоў,
Усё - працяг.
Каб не ўскіпела ў жылах кроў -
Вярніце Сцяг!
- Улады сверб, што вас скубе,
І славы сверб,
Пакіньце ўсё сваё сабе -
Вярніце Герб!
- Дальбог, пра гэта не са зла
Малюся ў скрусе,
А каб зямля вас прыняла
На Беларусі.