Адзіны сёння беларускамоўны клас у Баранавічах у СШ №14 – гэта ўсяго тры дзяўчынкі-першакласніцы: Яся Малашчанка, Аліса Філіпчык і Вераніка Міхальчук. Летась іх бацькі пажадалі навучаць сваіх дзетак па-беларуску.

«У сённяшняй сітуацыі гэтыя тры беларускамоўныя першакласніцы на ўвесь амаль 170-тысячны горад – сапраўдныя героі», – распавёў Intex-press старшыня Баранавіцкай філіі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Віктар Сырыца.

Сёння ён разам з іншымі баранавіцкімі сябрамі ТБМ наведаліся да дзяўчынак, каб павіншаваць іх з Міжнародным днём роднай мовы. Сябры таварыства загадалі вучням некалькі беларускіх загадак і падаравалі беларускія чытанкі. Баранавіцкая бард Галіна Ярашэвіч таксама ўзнагародзіла вучаніц вязанымі лялькамі-васілінкамі з сімвалічнымі валошкамі.

Салодкім фінальным акордам сустрэчы стаўся вялікі торт са святочным надпісам: «З днём роднай мовы!» Гэтыя словы дзяўчынкі імкнуліся прачытаць навыперадкі.

«Сёння дзяўчынкі ўжо цалкам асвоіліся, на занятках паспяхова займаюцца ўтрох, а на перапынках бавяцца разам з астатнімі вучнямі, – распавяла Intex-press настаўніца і маці адной з гэтых дзяўчынак Ірына Міхальчук. – А па першым часе нават мне было крыху нязвыкла займацца ў такім маленьнькім і цалкам беларускамоўным класе. Вучуся разам з імі…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?