Актывістка «Маладога Фронту» Наста Палажанка не балатавалася ў прэзідэнты РБ, не кіравала штабам апанента Лукашэнкі і нават не была заўважаная ля пабітых вокнаў Дома ўрада. Аднак яна правяла ў СІЗА КДБ два месяцы.

Першае, што зрабіла Наста на свабодзе, — гэта амаль суткі прасядзела у інтэрнэце. А потым пачала насіць перадачы і дасылаць паштоўкі арыштантам. Каму, як не ёй, ведаць, як гэта важна для іх.

 Наста дома.

Наста дома.

 Лісты, атрыманыя ў турме.

Лісты, атрыманыя ў турме.

Пра першыя дні на свабодзе

Я пяць дзён на свабодзе ўжо. Першыя суткі правяла ў інтэрнэце. Не вылазіла адтуль. Гэта найперш турбавала мяне — у турме я нават не магла здагадвацца, што адбываецца ў краіне. Магла толькі адчуваць той жах, які быў. Адчуваць па тым, як перапаўнялася турма.

Пасля я праводзіла ўвесь час з маладафронтаўцамі. Гэта сапраўды было важна — даведацца, у якім яны стане. Усе студэнты, усе маладыя людзі і трэба было даведацца, як яны гэта перажываюць. Я ужо паспела перадаць перадачу Дашкевічу, кожны дзень пішу лісты палітвязням.

Пра турму

У першыя дні «амерыканка» напаўнялася вязнямі. Гэта адчувалася па тым, колькі людзей знаходзілася ў камерах. Аднойчы ў адной камеры сабралі ўсіх жанчын, якія на той момант знаходзіліся ў СІЗА КДБ. Я разумела, што ў мужчын сітуацыя яшчэ горшая.

Таксама мы чулі, як збіваліся драўляныя шчыты, на якіх спалі тыя, каму не хапала месца. Па ўсіх гэтых прыкметах мы разумелі, што адбываецца нешта сумна-фенаменальнае.

Увогуле, у турме было самым складаным тое, што бракавала інфармацыі, інфармацыі ад блізкіх людзей. У прынцыпе, там няма нічога асаблівага.

Калі пераключаешся на тое, што гэта не санаторый, то можна задаволіцца тым, што ёсць.

У камеры нават магчыма гатаваць. Гэта насамрэч займала шмат часу і было для нас цікавым заняткам. На самой справе можна было выдумляць, што заўгодна. Прыправаў мы не мелі, але нам перадавалі «Ролтаны», у якіх былі разнастайныя прыправы. Мы іх мяшалі, дадавалі туды чарнасліў, часнок. У нас усё вельмі някепска выходзіла.

Перадавалі шмат садавіны і мы рабілі фруктовыя салаты, дадавалі туды печыва. Я так дома не харчавалася. Родных пакуль не частавала «турэмнай кухняй», але там я набралася шмат складаных рэцэптаў і таму ў хуткім часе паспрабую.

У турме пра палітыку не гавораць. Мы пра жаночы быт размаўлялі. Там гэта важна. У нейкі момант я папрасіла бацьку, каб ён перадаў мне касметыку. Гэта было важна для адчування асабістай годнасці. Там было важна адчуваць сябе таксама, як і на свабодзе. Я старалася добра выглядаць і адчуваць сябе нават падчас допыту.

Пра Ірыну Халіп

Тры тыдні я правяла ў адной камеры з Ірынай Халіп. Гэта найцудоўнейшая жанчына, вельмі моцная. Я з ёй не была знаёмая. Толькі чула аб ёй… чытала матэрыялы ў свой час. І мне, безумоўна, было вельмі цікава з ёй пазнаёміцца. Ірына ўразіла мяне сваёй мужнасцю. Яна малайчына. Нават нягледзячы на тое, што яе муж знаходзіўся за сценкай, у той самай турме.

Усе турботы Ірыны былі аб маленькім сыну, які застаўся без бацькоў.

Трымаць жанчын у тых умовах, якія знаходзяцца ў «амерыканцы», — непрымальна. Гэта эканамічныя злачынствы пераважна. Мне падаецца, што можна было б абысціся хатнім арыштам.

Пра святы

Мы самі рабілі сабе святы. Мне перадалі розныя каляровыя сурвэткі і я імі ўпрыгожвала сцены, абшарпаныя тумбачкі — гэта ўсё прыносіла вялікую радасць. На Новы год Таня Шапуцька перадала мне шакаладных зайцоў і калі іх прымалі, то раздрабілі на кавалкі. Я разумела, што Таня перажывае аб разламаных зайцах. Таму мы ўсе ў камеры складвалі іх па кавалках і склалі! Аднаго з’елі потым на Новы год, а другога -- на Раство.

Увогуле асабліва не святкавалі. Яшчэ адчуваліся наступствы шоку ад таго, што адбывалася. Але пры гэтым памятаю, што абстаноўка была ўтульная. Зрабілі шыкоўны стол, а асноўным пажаданнем было, каб цягам гэтага года мы ўсе былі дому. Пасядзелі да дзесяці гадзін, да вечара, і пайшлі спаць. Акурат тады я пачула, што некага вызваляюць. Пазней аказалася, што гэта Віталь Рымашэўскі.

Пра беларускую мову ў «амерыканцы»

Я ўжо ведаю пра чуткі, што выкладала ў СІЗА беларускую мову. Гэта не зусім так. Але беларуская мова там карысталася попытам. Мне нават канваіры адказвалі па-беларуску, следчы са мной спрабаваў гаварыць на мове. А сукамерніцы ўвогуле з асалодай слухалі размовы па-беларуску. У нас там зранку дзяжурствы былі, трэба рапартаваць наглядчыкам, што і як. Ну і сукамерніцы мяне заўжды прасілі: «Наста! Скажы яму што-небудзь. Скажы яшчэ раз. Для жанчын была вялікая асалода, калі я дакладвала наглядчыкам па-беларуску.

А праз месяц мы ўжо пачалі спяваць беларускія песні. Развучылі «Надзеньку»… Я ўвогуле зразумела, што гэтая песня аб’ядноўвае ўсіх жанчын сусвету. Пасля вывучылі «Простыя словы». Усе былі вельмі задаволеныя гэтымі песнямі. Прасілі мяне дасылаць ім тэксты новых песен.

Шмат размоваў аб мове было. Спачатку варожа ставіліся, а потым зусім іначай.

Пра змены

Я яшчэ больш пераканалася ў тым, у чым была перакананая. Там не паводзіла сябе іначай і не адступалася ад таго, чаго трымаюся на свабодзе. Я пераканалася, што сапраўды люблю сваю справу, сваіх сяброў. Нам спрабавалі гаварыць, што на свабодзе аб нас забылі. Але я ведала, што гэта не так.

Я не змянілася. Адно што ведаю цяпер, што магу праходзіць праз такія выпрабаванні. Раней з такім не сустракалася, але цяпер разумею, што пэўныя людзі мусяць ахвяраваць нечым для супольнай справы.

Пра бацьку

Адным з самых складаных момантаў было адчуванне, наколькі моцна за мяне турбуецца мой бацька. Наколькі моцна ён мяне любіць… Тата заўсёды лічыў мяне такой «татавай дачкой».

Цяпер я ведаю, што бацька, які ніколі не цікавіўся асабліва грамадска-палітычным жыццём, актыўна за мяне змагаўся. І я вельмі ўдзячная яму за гэта.
Мне хацелася, каб бацька сядзеў у спакоі і не турбаваўся. Думала, што сама з усім спраўлюся. Але тата тут даваў жару. Я толькі нядаўна пабачыла ўсе відэа, інтэрв’ю. І для мяне дзіва, што ён так актыўна ангажаваўся ў справу абароны сваёй дачкі.

Я турбавалася за яго. Я ведаю гэтую сістэму і ведаю, што яна нікога не будзе шкадаваць. Узрост, пол — гэта ўсё для сістэмы не важна.

Пра краіну

У мяне ўражанне, што я адсутнічала не два месяцы, а з часоў мінулай прэзідэнцкай кампаніі. Сапраўды, настолькі шмат адбылося падзей, настолькі шмат людзі перажылі выпрабаванняў, ператрусаў, допытаў, што я вельмі баялася прыйсці і пабачыць зашуганых людзей. А пабачыла агонь у вачах.

Я пабачыла, што адбылося з Маладым Фронтам. Чым больш улады ціснуць на нас, тым больш нас становіцца.
Шмат людзей хочуць з намі сустрэцца, людзей, якія хочуць дапамагаць ў арганізацыі. Яны аддаюць свае грошы, свае сілы. Я пабачыла, што моладзь не будзе здавацца. Што яна будзе рабіць тое, што мусіць.

Я ведаю, што такое ШОС. Мне расказалі ўжо, нават кашульку падарылі з ШОСам. Ёсць такая справа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?