Беларусь разглядае Кубу як адну з найважнейшых апор беларускай палітыкі ў рэгіёне Лацінскай Амерыкі. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў 22 лютага ў Мінску на сустрэчы са сваім кубінскім калегам Бруна Радрыгесам Парыльяй.

Мартынаў зазначыў, што візіт кубінскай дэлегацыі «даўно планаваўся, але не адразу атрымаўся».

З пачатку 1990-х гадоў, калі Беларусь і Куба пачалі ўзаемадзейнічаць як суверэнныя дзяржавы, нямала зроблена «для ўмацавання адносінаў, у тым ліку ў эканамічнай сферы», падкрэсліў кіраўнік МЗС.

Паводле слоў Мартынава, абедзве краіны маюць падобныя пазіцыі па многіх міжнародных пытаннях, асабліва ў кантэксце Руху недалучэння. Міністр таксама зазначыў, што Беларусь заўсёды будзе падтрымліваць Кубу «ў барацьбе з рэжымам санкцый».

Кіраўнік МЗС Кубы ў сваю чаргу заявіў, што падчас свайго візіту ў Мінск мае намер выказаць удзячнасць прэзідэнту і народу Беларусі за пастаянную падтрымку патрабаванняў кубінскіх уладаў аб адмене эмбарга.

Кубінскі міністр «з задавальненнем» канстатаваў добрую дынаміку двухбаковых адносінаў, у першую чаргу ў палітычнай сферы. Ён таксама ўпэўнены, што ў дзвюх краін «ёсць вялікі патэнцыял у сферы эканомікі», хаця міжнароднае эканамічнае становішча, паводле яго слоў, «вельмі цяжкае».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?