27 лістапада ў Барысаве ў храме стараабрадчаскай суполкі адбыўся шосты сабор Старажытнаправаслаўнай Паморскай царквы ў Беларусі. У працы сабору прынялі ўдзел прадстаўнікі трыццаці беларускіх стараверскіх прыходаў. Трэба адзначыць, што гэта сабор той часткі старавераў, якіх звычайна прынята называць «беспапоўшчынай».

Беспапоўшчына - адзін з асноўных відаў расколу. Беспапоўцы адмаўляюць праваслаўную царкву, царкоўную арганізацыю і сьвятарства, частка беспапоўцаў не прызнавала цара і царскай улады, хаця прынцыпова не адмаўляла самадзяржаўя. Гэтая плынь расколу лічыць, што з часу выпраўленьня царкоўных кніг настала царства антыхрыста. Беспапоўскія арганізацыі адразу па расколе сталі аўтаномнымі суполкамі, мала зьвязанымі адна з другой, у кожнай зь іх складваліся свае звычай і свая ідэалёгія. Найбуйнейшым толкам у беспапоўцаў зьяўляецца Паморскі.

Гісторыя стараверства на Барысаўшчыне бярэ свой пачатак ад 1765 году, калі ў Беларусь на сталае месца жыхарства перабралася другая хваля старвераў з Расеі. Тады ж і былі заснаваныя цэлыя стараверскія вёскі: Траянаўка, Міхеўка, Новае Янчына. Цяпер на Барысаўшчыне налічваецца блізу трох тысяч вернікаў-стараабрацаў. Іх цэнтрам зьяўляецца Барысаўская Паморская Пакроўская стараабдчаская суполка з настаяцелем Іванам Рыбаковым.

Спрадвечны цэнтар беларускага стараверства – Ветка, ня мае да паморскіх стараабрадцаў ніякага дачыненьня, бо большасьць веткаўскіх вернікаў адносяцца да папоўцаў. Найбольшымі цэнтрамі Паморскіх стараабрадцаў у Беларусі зьяўляюцца Барысаў, Бабруйск, Полацак, Віцебск і інш. Усяго па краіне налічваецца 28 прыходаў, што праўда, ня кожны зь іх мае свой храм.

Іван Рыбакоў кажа, што стараабрадцы не зьяўляюцца нейкімі рэлігійнымі артадоксамі і паважаюць іншыя веравызнаньні і канфэсіі, але працягваюць трымацца свайго.

Таксама Іван Рыбакоў самастойна робіць сайт старавераў Барысаўшчыны , дзе можна знайсьці багата інфармацыі пра гісторыю і сучаснасьць стараверскага руху ў канкрэтна ўзятым рэгіёне краіны і ва ўсёй Беларусі.

Фота borisov-e.info

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?