Меркаванай прычынай надзвычайнага здарэння на прадпрыемстве «Выдатная якасць» у вёсцы Буякі Брэсцкага раёна стаў выбух прапану.

Як паведамлялася, выбух у двухпавярховым цагляным будынку з мансардай з наступным узгараннем адбыўся вечарам 21 лютага. Пад абваленымі канструкцыямі ў памяшканні гаража, размешчанага на цокальным паверсе, апынуліся два чалавекі.

З-пад завалаў удалося выратаваць рабочага прадпрыемства, жыхара Брэста 1968 года нараджэння. З апёкамі верхніх дыхальных шляхоў, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, страсеннем галаўнога мозгу і ўдарамі ён змешчаны ў Брэсцкую абласную бальніцу. Затым пад абломкамі было знойдзена цела вадзіцеля гэтага ж прадпрыемства. Загінулы мужчына 1987 года нараджэння жыў у вёсцы Буякі.

Для разборкі завалаў прыцягваліся больш чым 30 адзінак тэхнікі, а таксама 91 супрацоўнік МНС і 27 работнікаў іншых арганізацый. Работы па пошуку людзей вяліся адначасова з тушэннем пажару, які быў ліквідаваны ў 20.00.

Будынак, дзе адбыўся выбух, належыць прыватнаму гандлёваму ўнітарнаму прадпрыемству «Выдатная якасць». Ён быў пабудаваны ў 2005 годзе.

«Мы схіляемся да версіі, што адбылася ўцечка прапану з балона, які знаходзіўся на цокальным паверсе будынка, —
паведаміў следчы следчага аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Андрэй Ходар. — У выніку газ запоўніў памяшканні гэтага паверху, а менавіта гаража і размешчанага побач з ім склада. Затым адбыўся выбух прапану».

Паводле наяўных звестак, выбух не суправаджаўся гарэннем. «Па ўсёй бачнасці, выбухам раскідала гаручыя матэрыялы, якія захоўваліся ў памяшканні склада і гаража, а таксама адбылося замыканне электраправодкі, таму ўзнік пажар. Не выключана, што быў другі выбух газу, які яшчэ заставаўся ў балоне», — сказаў следчы.

У выніку выбуху былі разбураны апорныя канструкцыі сцен цокальнага і першага паверхаў будынка, што пацягнула за сабой абрушэнне жалезабетонных пліт перакрыцця.

Паводле слоў Ходара, устаноўлена, што прапан выкарыстоўваўся на прадпрыемстве для працы на газазварачным абсталяванні, фрагменты якога былі знойдзены ў гаражы. Гэты ж газ выкарыстоўваўся для працы газавай пліты. У гаражы знойдзены пашкоджаны газавы балон.

22 лютага следчы аддзел пракуратуры Брэсцкай вобласці распачаў па факце выбуху справу па ч. 2 арт. 306 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў аховы працы).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?