Універсітэт горада Байройт пазбавіў міністра абароны Германіі Карла-Тэадора Гутэнберга навуковай ступені доктара (кандыдата навук) за тое, што ў яго дысертацыі выявілі больш за 100 старонак чужога тэксту без адпаведных спасылак.

«Камісія па абароне факультэта права і эканомікі пераканалася ў тым, што Гутэнберг сур’ёзна парушыў свае навуковыя абавязанні», — цытуе тэлеканал N-24 прэзідэнта ўніверсітэта Рудыгера Бормана. Ён таксама адзначыў, што чужы тэкст без спасылак у дысертацыі варта разглядаць як плагіят.

Нагадаем, на мінулым тыдні нямецкія СМІ паведамілі, што Гутэнберг нібыта спісаў частку сваёй дысертацыі на ступень кандыдата юрыдычных навук, прысвечанай канстытуцыі. У працы міністра былі выяўленыя асобныя абзацы, якія даслоўна цытаваліся без указання спасылак на крыніцы пазычання.

Выявіў гэта падчас руціннай праверкі прафесар юрыспрудэнцыі Брэменскага ўніверсітэта Андрэас Фішэр-Лескана.

Пасля крытыкі з боку апазіцыі Гутэнберг адправіў ва ўніверсітэт Байройта ліст з просьбай ануляваць яго навуковую ступень.

Паводле апытанняў грамадскай думкі, цяперашні кіраўнік бундэсвера з’яўляецца адным з самых папулярных нямецкіх палітыкаў. Ён паходзіць са старадаўняга роду і мае тытул барона.

Міністра падтрымала канцлер краіны Ангела Меркель, якая заявіла, што прызначыла Гутэнберга на пасаду міністра абароны не як «уладальніка навуковай ступені і навуковага супрацоўніка», а як чалавека, які добра робіць сваю працу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?