Ён хваліць сталінскую эканамічную мадэль. А ў падзенні СССР вінаваціць касыгінскія рэформы.

«Пакуль мы ўсё яшчэ працягваем знаходзіцца пад эфектам той магутнай антысавецкай прапаганды, якая разгарнулася ў нашой былой супольнай Айчыне ў 80-я — 90-я гады мінулага стагоддзя. Мэта гэтай ідэалагічнай апрацоўкі зразумелая — унушыць людзям, што ўвесь папярэдні савецкі перыяд развіцця краіны нібы з’яўляўся недапушчальным сусветным прэцэдэнтам ўзмацнення ролі дзяржавы ў эканоміцы і жыцці грамадства», — так пачынаецца двухпалосны артыкул памочніка Лукашэнкі па эканоміцы Сяргей Ткачова «Паўней спазнаючы мінуласць, раскрываем сэнс будучыні».

Ткачоў хваліць Дэн Сяапіна і ганіць Гарбачова, але ў гэтым нічога новага, гэта стала для лукашэнкаўцаў агульным месцам. Памочнік Лукашэнкі ідзе далей.

«Цяперашнія, — піша Ткачоў, — буржуазна-ліберальныя тэндэнцыі неабходна разглядаць як… рэакцыю на крызіс савецкай мадэлі. Але за рэакцыяй непазбежна пойдзе зваротны працэс».
Г.зн. кола гісторыі павернецца назад, і савецкая сістэма вернецца.

Таму Ткачоў і аналізуе, што ў савецкай сістэме працавала, а што — не. Ён піша, што пры Сталіну сістэма планавання давала бліскучыя вынікі. «Беспрэцэдэнтнай складанасці задачы рашаліся беспрэцэдэнтнай жа энэргіяй улады», «што забяспечыла выхад Савецкага Саюза ў сусветныя тэхналагічныя лідары».

Ткачоў лічыць, што СССР быў у «лідарах» да 1970-х. Што ж здарылася пазней? Чаму рост рэзка замарудзіўся, што «прывяло да разбурэння краіны»? Прычына ў рэформе Касыгіна, піша Ткачоў. «Пасля рэформы 1965 года народная гаспадарка ўжо заставалася планавай толькі намінальна» (!).
Г.зн. што прычына развалу СССР — у адыходзе ад сталінскай эканамічнай мадэлі, у «эканамічным ханжастве» брэжнеўцаў, як гэта называе Ткачоў. Ён шкадуе, што ў 80-я не паслухалі таго акадэміка, які раіў, што «цяпер нельга абысціся без прамога ўмяшання як у рэгуляванне рэсурсавых патокаў, так і ў размяшчэнне ўсіх відаў рэсурсаў».

«Планавая сістэма кіравання — … аб’ектыўна неабходны вынік гістарычнага развіцця», — піша Ткачоў.

Хтосьці можа пасмяяцца: эканоміка 2010-х гадоў гэта зусім не эканоміка 1930-х, і чалавек цяпер не той. А тут таварыш разважае, як нам рэарганізаваць рабкрын. «Какое, мілые, у нас тысячелетье на дворе?» Але я б раіў успрыняць гэты артыкул сур’ёзна.

Гэтая публікацыя можа быць першай ластаўкай вяртання да адміністратыўных мер у гаспадарцы, у якой нарастаюць небяспечныя тэндэнцыі, а можа быць проста «крыкам душы» Ткачова. Але гэта, у кожным разе, сімптом.

Гэта кажа памочнік прэзідэнта ў краіне з суперпрэзідэнцкай сістэмай. Значыць, такія погляды па-ранейшаму дамінуюць ці, прынамсі, прысутнічаюць у «галоўнай бошцы краіны». А ўся прарынкавая рыторыка апошняга часу можа быць не больш чым НЭПам.

Вяртанне да сталінскай сістэмы ў эканоміцы непазбежна прывяло б да замарожвання і культурна-палітычнай сістэмы,
якое мы назіраем у Паўночнай Карэі і Кубе. Яно прывяло б і да ўзмацнення эксплуатацыі чалавека, якая мела месца пры Сталіну ў сваіх крайніх формах.

* * *

Пара заўваг на палях. Па-першае, «сваёй краінай» для памочніка Лукашэнкі застаецца СССР, не Беларусь.

Па-другое, асабісты момант. Малым я засынаў пад расказы таты, мамы, бабулі пра жыццё пры Сталіну, Хрушчову, за польскім часам, у вайну. Яны проста расказвалі, пры малых не давалі небяспечных ацэнак. Дарэчы, мой тата быў камуністам. Але камуністам не сталінскага тыпу, шараговым заходнебеларускім камуністам. Яны апавядалі пра голад 1947-га, пра хлеб з мякінаю пры Хрушчову, пра здзек з людзей, якія вымушаны былі па начах, потайкі касіць на ўзмежках, з рызыкай трапіць за гэта ў турму, каб пракарміць карову, бо без каровы дзеці паўміралі б. Толькі пры Брэжневу, пасля касыгінскіх рэформаў для маіх продкаў жыццё вярнулася да элементарнай пабытовай нармальнасці, да сытасці. Магчыма, Ткачоў мае іншы асабісты вопыт. Магчыма, ягоныя продкі пры Сталіну ездзілі на «ЗіМ"ах за 40 тысяч рублёў і елі чорную ікру. Былі ж і такія. Але гэта лірычны водступ, які прашу мне дараваць.

Для наймалодшых патлумачу, што пры Сталіну рост «магутнасці дзяржавы» забяспечваўся нялюдскай эксплуатацыяй 90% насельніцтва. Рабская пакора дасягалася з дапамогай крывавых рэпрэсій, што часам набывалі форму бойні. Вынішчаліся ўсе незадаволеныя, і нават патэнцыйна нелаяльных ліквідавалі прафілактычна. У адной Беларусі было рэпрэсавана каля 600 тысяч чалавек, каля 200 тысяч з іх загінула. Такая сістэма давала эфект эканамічнага росту, пакуль гаворка была пераважна пра экстэнсіўную распрацоўку прыродных багаццяў, заснаваную на палачнай дысцыпліне. Аднак як толькі прыйшоў час развіваць больш складаныя формы гаспадарання, сістэма аказалася няздольнай матываваць чалавека да эфектыўнай працы, што прывяло да крызісу і гібелі СССР.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?