Стогадовы драўляны млын у вёсцы Шыйкі на Клеччыне зарастае бур’яном. Колісь на ім была шыльда, што нагадвала, што драўляны млын – помнік народнага дойлідзтва, пабудаваны напрыканцы ХІХ стагодзьдзя.

Год таму зьявіўся ўказ, паводле якога ўзьведзеныя да 1985 году пабудовы можна прадаваць без атрыманьня тэхпашпарту і рэгістрацыі зямельнага ўчастка. Калі ж гаспадары сядзібы памерлі і на іх спадчыну няма прэтэндэнтаў, то сельсавет мае права распараджацца гэтай маёмасьцю. Але найчасьцей дамы і гаспадарчыя збудаваньні зграбаюць у ямы бульдозэры...

Старшыня Беларускага саюзу народных майстроў Яўген Сахута расказвае пра яго ўнікальнасьць. Так, у якасьці мэханізму тут скарыстаная драўляная сыстэма перадаючых колаў і шасьцерняў. Аснова стацыянарная, а верхні ярус завершаны паваротным шатром. Да 1975 году на ім былі чатыры крылы. Каркасная канструкцыя млына ашаляваная.

82-гадовая жыхарка вёскі Шыйкі Ганна Цімавец нагадвае, што гаспадаром ветрака быў Іосіф Знаткевіч. Са словаў бабулі, у верасьні 1939 году саветы адабралі млын, а Знаткевіча зь сям’ёй вывезьлі на поўнач Расеі. Спадар Цімавец і сёньня адмаўляецца назваць Знаткевіча кулаком, кажа: «Быў добры жыдок, гаваркі і ветлівы».

У Галынкаўскім сельсавеце, пад уладай якога вёска Шыйкі, даведваюся, што людзей з прозьвішчам Знаткевіч цяпер у сьпісах жыхароў няма.

Старшыня Мікалай Буйвіла падказаў: пахаваньні гэтага роду ёсьць на могілках у лесе за вёскай. Дабраўся туды і зразумеў, чаму сельсаветчык не пажадаў наведаць пагост разам. Ля трох дзясяткаў магілаў валяюцца зламаныя ветрам дрэвы. Побач – сьмецьце і разваліны капліцы. Унутры былая сьвятыня зарасла дзікім лесам.

Адшукваю магілы Іосіфа, Самуіла, Івана Знаткевічаў і іхных жонак – Марыі, Вольгі, Галіны.

Надпісы на камянях сьведчаць, што Іосіфу Знаткевічу ўдалося засьцерагчыся ад сьмерці ў сталінскім ГУЛАГу. На Бацькаўшчыне ад 1953 году ён працаваў у лясьніцтве і ўласнымі рукамі збудаваў драўляны дом. Мясцовы калгас «Камунар» працягваў валодаць чужым ветраком да сярэдзіны 1970-х гадоў. Пазьней адпала неабходнасьць ў млыне, бо на калгасных палетках ўраджай рос мізэрны, а на сотках людзям забаранялі сеяць збожжа.

Які магчымы лёс помніка народнага драўлянага дойлідзтва ў вёсцы Шыйкі? Дырэктарка Клецкага краязнаўчага музэя Зоя Мініч раіць не будаваць ілюзіяў. На яе памяці вятрак зь вёскі Заляшаны перанесьлі дзеля захаваньня ў Клецк, усталявалі на беразе вадасховішча.

– У ім нават было кафэ, але нехта спаліў яго і млын цалкам, – кажа Зоя Мініч.

Яна даводзіць таксама, што ўнутры млын у Шыйках разрабаваны, абшыўка на сьценах раскіданая.

Дарэчы, гісторыя вёскі Шыйкі пачынаецца ад першага напамінку ў летапісах 1797 году. Далей гістарычныя хронікі падказваюць, што ў XIX стагодзьдзі тут было 12 двароў. У 1920-30-я гады – 64. У 1953 годзе – 70. Праз колькі месяцаў надыдзе чарговы юбілей. Але каму сьвяткаваць? У Шыйках на сёньня засталося 20 жыхароў, 30 двароў пустыя, у тым ліку былога ўладальніка млына Іосіфа Знаткевіча.

Bulletinonline.org

Фота «Глёбус Беларусі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?