Сын лівійскага лідэра Муамара Кадафі, Саіф аль-Араб, далучыўся да апазіцыянераў у пятніцу.

Па дадзеных PressTV, Саіф аль-Араб Кадафі, якому бацька даручыў забяспечыць лаяльнасць сілавых структур і не дапусціць іх пераходу на бок апазіцыі, 24 лютага далучыўся да ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў Бенгазі. Гэты горад — другі па велічыні ў Лівіі — ужо некалькі дзён знаходзіцца пад кантролем апазіцыі.

Іранскі тэлеканал таксама паведамляе, што Саіф аль-Араб даў зразумець, што яго бацька разглядае магчымасць самагубства або ўцёкаў у Паўднёвую Амерыку ў выпадку немінучай пагрозы адхілення ад улады.

Пацверджання інфармацыі аб пераходзе сына Кадафі на бок апазіцыі з іншых крыніц не паступала.

Усяго ў Муамара Кадафі сем сыноў і адна дачка. Пасля пачатку беспарадкаў у эфіры лівійскага тэлебачання двойчы з’яўляўся Саіф аль-Іслам — другі па старшынстве сын Кадафі. Выступаючы ў прамым эфіры ён, у прыватнасці, усклаў віну за тое, што адбываецца ў краіне на «знешніх ворагаў» і заявіў, што яны хочуць падзяліць яе на некалькі радыкальных ісламізаваных дзяржаў. Акрамя таго, ён аспрэчыў паведамленні аб выкарыстанні ваеннай авіяцыі для падаўлення выступленняў апазіцыі, а таксама заявіў, што дадзеныя аб ліку загінуўшых у краіне, якія падаюць замежныя СМІ, не адпавядаюць рэчаіснасці.

Шосты сын Муамара Кадафі, Хаміс, камандуе 32-м батальёнам — найбольш добра абсталяваным і падрыхтаваным ваенным падраздзяленнем Лівіі. У дыпламатычнай перапісцы, апублікаванай Wikileaks, 32 батальён называўся «падраздзяленнем па абароне рэжыму», нагадвае Reuters. Усяго ў Лівіі тры такіх «падраздзялення», агульнай колькасцю ў 10 тысяч вайскоўцаў.

Масавыя акцыі пратэсту праціўнікаў Кадафі, нязменна кіруючага краінай з 1969 года, праходзяць у Лівіі з 16 лютага. Пад кантролем апазіцыі, на бок якой перайшлі некалькі падраздзяленняў арміі, знаходзіцца значная частка краіны. У выніку сутыкненняў паміж прыхільнікамі і праціўнікамі Кадафі, а таксама пры падаўленні ўладамі акцый апазіцыі загінулі, па дадзеных праваабарончых арганізацый, да двух тысяч чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?