30.11.2006 / 22:18

Удзельнікі канфэрэнцыі прапанавалі назваць імем «Нашай Нівы» праспэкт

Навукова-дасьледчая канфэрэнцыя да 100-годзьдзя газэты «Наша Ніва» адбылася сёньня ў Інстытуце гісторыі НАН.

Навукова-дасьледчая канфэрэнцыя да 100-годзьдзя газэты «Наша Ніва» адбылася сёньня ў Інстытуце гісторыі НАН. Яе арганізатарам выступіў сэктар гістарыяграфіі і мэтадалёгіі гістарычных дасьледваньняў, які ўзначальвае Валянціна Яноўская. Раней гэты сэктар называўся аддзелам капіталістычнай гісторыі, яго курыраваў Міхась Біч, вядомы дасьледнік «нашаніўскай» спадчыны, якому сёлета спаўняецца 70 гадоў.

Напачатку выступіў супрацоўнік гэтага сэктару Андрэй Унучак, аўтар навуковай дысэртацыі на тэму «Наша Ніва» і беларускі нацыянальны рух: 1906-1915 гг.». Ён акрэсьліў асноўныя тэмы далейшай дыскусіі. Унучак казаў пра тое, што «нашаніўцы» ў пачатку 20 ст., нягледзячы на не самы вялікі рэсурсавы і фінансавы патэнцыял змаглі распрацаваць праграмы рэформаў у большасьць сфэрах грамадзтва, а таксама змаглі значна паўплываць на хаду гісторыі. Унучак падкрэсьліў, што за адносна невялікі прамежак часу «нашаніўцы» змаглі падрыхтаваць нацыянальную эліту, гэта выключны прыклад у сусьветнай практыцы.

Пасьля былі даклады ад імя іншых удзельнікаў канфэрэнцыі. Алег Яноўскі з гістфаку БДУ казаў пра фактычнае стварэньне беларускага ўнівэрсытэта ў Вільні, які знайшоў сваё адлюстраваньне на старонках «Нашай Нівы».

Акадэмік Міхась Касьцюк і дэкан гістарычнага факультэту БДПУ імя М.Танка Мікалай Забаўскі збольшага спыніліся на творчасьці і дасьледаваньнях Міхася Біча.

Зь невялікім словам выступіў вядомы гісторык Захар Шыбека. Удзельнікі канфэрэнцыі выказвалі думкі, што назву «Наша Ніва» варта надаць якому-небудзь менскаму праспэкту. Таксама прысутныя згадзіліся, што акурат зараз надышоў час запачаткаваць новыя мэтады ў вывучэньні «нашанівазнаўства», бо старыя ўжо не зусім актуальныя для сёньняшніх рэалій.

Мне выпаў гонар прывітаць ад імя сёньняшняй рэдакцыі «Нашай Нівы» ўдзельнікаў канфэрэнцыі. Расказаць пра стан у якім цяпер знаходзіцца выданьне. Пра асноўныя дасягненьні і перашкоды, зь якімі сутыкаюцца супрацоўнікі «Нашай Нівы».

Скончыў канфэрэнцыю ўсё той жа Андрэй Унучак, які ў некалькіх словах падсумаваў усё прагучанае.

Зьміцер Панкавец

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру