30.11.2006 / 22:31

Вечар Бураўкіна 2

У менскім Палацы мастацтваў прайшла творчая вечарына Генадзя Бураўкіна, прымеркаваная да ягонага 70-годзьдзя. Хоць да апошняга моманту пэўнасьці, што яна адбудзецца ў заплянаваным месцы не было.

У пачатку дня прайшла інфармацыя, што адміністрацыя Палацу адмовіла ў арэндзе памяшканьня. Сьпехам разглядаліся іншыя варыянты, але ўрэшце ў адказныя чыноўнікі далі дазвол, і вечарына прайшла там, дзе было заплянавана.

Для ўсіх прысутных не хапала крэслаў, шмат хто быў вымушаны прастаяць на нагах усю імпрэзу, што сьведчыць аб сапраўднай цікавасьці да творчасьці Бураўкіна. У асноўным на вечарыну прыйшлі людзі старэйшага пакаленьня, іх ня ўбачыш сёньня на прэзэнтацыях кніг «бум-бам-літаўскіх» аўтараў. Углыбіні залі быў зазважаны кандыдат у прэзыдэнты-2001 Уладзімер Ганчарык.

Зінаіда БанарэнкаПершай юбіляра павіншавала народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, яна прачытала ўрывак з паэмы «Хатынская аповесьць». Пасьля імпрэзу вяла народная артыстка Зінаіда Бандарэнка.

Яна дала слова даўняму сябру Бураўкіна, народнаму паэту Рыгору Барадуліну. Рыгор Іванавіч прачытаў свой верш з прысьвячэньнем Бураўкіну, а таксама невялічкую эпіграму. Скончыў свой выступ Рыгор Барадулін воклічам «Жыве Беларусь!»

З віншавальнымі словамі выступілі калегі па пяру спадара Генадзя: Алесь Пашкевіч, Анатоль Вярцінскі. Сяргей Далідовіч падарыў юбіляру слоічак адборных лагойскіх баравічкоў, а Радзім Гарэцкі сказаў, што сёньня няма больш годнай кандыдатуры на званьне народнага пісьменьніка Беларусі, чым Генадзь Бураўкін.

Генадзь Бураўкін і Рыгор БарадулінЭфэктным аказаўся выхад на сцэну прадстаўнікоў Саюзу мастакоў на чале з старшынём Уладзімерам Басалыгам. Патрыярхі мастацкага цэху Леанід Шчамялёў, Васіль Шаранговіч, Гаўрыла Вашчанка падарылі Бураўкіну свае карціны і кветкі.

З музычнай часткі змаглі выступіць толькі артысты опэры, Лявон Барткевіч мусіў тэрмінова ехаць на канцэрт у Маскву, але перадаў свае шчырыя віншаваньню юбіляру щ запісе. Ядзьвіга Паплаўская і Аляксандар Ціхановіч ад удзелу ў імпрэзе адмовіліся, таму прысутныя паслухалі адно фанаграмы іхніх сьпеваў.

Павіталі Бураўкіна пробашч касьцёлу сьвятых Сымона і Алены Ўладзіслаў Завальнюк, рэжысэр Валеры Мазынскі. Цёплыя словы казалі колішнія калегі Генадзя Бураўкіна па працы на тэлебачаньні.

Па сканчэньні імпрэзы Генадзь Бураўкін атрымаў мноства кветак ад шматлікіх прыхільнікаў яго творчасьці.

Фотарэпартаж з імпрэзы ў блоґу Юліі Дарашкевіч

Фота Юліі Дарашкевіч

Зьміцер Панкавец

0
александр / Адказаць
01.12.2006 / 12:51
точно знаю, что накануне вечера коммунальные службы предупредили организации, расположенные рядом со Дворцом, что будет отключение электричества в 18 часов. Хотели, наверное, испортить вечер Буравкину, но передумали
0
Чытач / Адказаць
01.12.2006 / 20:59
Мне вечарына вельмі спадабалася і мяне ўразіла тая атмасфера,якая вітала ў зале. І нягледзячы на ўсялякія перашкоды вечарына адбылася і ўдалася на славу. Мне было гэта вельмі прыемна. Шчыра віншую шаноўнага Генадзя Мікалаевіча з юбілеем, жадаю яму здароўя і доўгіх гадоў жыцця! Жыве Беларусь!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру