У колах гарадзенскай інтэлігенцыі і праваслаўных вернікаў абмяркоўваецца нядаўні візыт мітрапаліта менскага і слуцкага, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Філярэта на Слонімшчыну з нагоды сьвяткаваньня 10-годзьдзя ўтварэньня Менскай духоўнай акадэміі ў тамашнім Сьвята-Усьпенскім манастыры ў Жыровічах.

Юбілейныя ўрачыстасьці прайшлі ня толькі з удзелам праваслаўнага клеру, але і прадстаўнікоў улады, а ў прыватнасьці – упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Савеце Міністраў Беларусі Уладзімера Ламекі і старшыні Савету па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў гарадзенскага аблвыканкаму Ігара Папова. Гэты апошні мае забарону на ўезд у Польшчу, як чыноўнік, які спрычыніўся да падзелу Саюзу палякаў Беларусі.

З нагоды юбілею Менскай духоўнай акадэміі віншавальны ліст даслаў патрыярх маскоўскі і ўсяе Русі Алексій II. Пра дзесяцігадовае існаваньне Менскай духоўнай акадэміі ў Жыровічах распавёў протаярэй Аляксандар Балоньнікаў – сакратар навуковай рады гэтай вучэльні. Выкладчыкаў Менскай духоўнай акадэміі павіншавалі рэктары Беларускага дзяржунівэрсытэту Васіль Стражаў, Гарадзенскага мэдычнага унівэрсытэту Пётр Гарэлік, і Гарадзенскага дзяржунівэрсытэту ім янкі Купалы Яўген Роўба.

Як стала вядома Рацыі, кіраўніцтва Праваслаўнай Царквы Беларусі плянуе ў будучым перанесьці Менскую духоўную акадэмію з Жыровічаў у сталіцу. Пакуль няма афіцыйных тлумачэньняў, чым выкліканая гэткая неабходнасьць. Прынамсі падчас юбілейных урачыстасьцяў гэтае пытаньне не ўзьнікала і не абмяркоўвалася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?