Прыватны самалёт Dassault Falcon 900EX (бартавы нумар 5A-DCN) здзейсніў чартарны рэйс з Трыпалі ў Менск і назад. Пра гэта паведамляе ізральская газета «Гаарэц».

Рух самалёта вылічылі так званыя плэйнспотэры, назіральнікі за палётамі авіялайнераў.

Паводле апублікаваных у інтэрнэце аўдыёзапісаў, борт вылецеў з Трыпалі ў пятніцу 25 лютага і вярнуўся ў нядзелю 27 лютага, а 12.30. З Мінска ён вылецеў, а 9.30.

Паводле інфармацыі ізраільцянаў, самалёт прызямліўся ў аэрапорце Мітыга на ўсход ад Трыпалі.

«Дасо Фалькон» — адзін з трох самалётаў Кадафі. Ён таксама карыстаецца двума аэробусамі большага памеру.

У прэсе з’явіліся самыя розныя версіі, нашто асабісты самалёт Кадафі прылятаў у Мінск. Haaretz лічыць, што ў Мінск магла адправіцца сям’я дыктатара. Газета адзначае цесныя сувязі між Лукашэнкам і Кадафі ў вайсковай, палітычнай і эканамічнай сферах.

Напярэдадні самалёты з Лівіі спрабавалі сесці ў Бейруце (Ліван) і на Мальце. Аднак дыспетчары не далі пасадкі пасля таго, як ім адмовіліся паведаміць, хто ляціць на борце.

Інфармацыя пра палёт «Фалькона» з’явілася ў панядзелак. Раней ізраільская радыёстанцыя «Кол Ісраэль» паведамляла, што ў аэрапорт Мінска прыбыў самалёт з грашыма і золатам Кадафі.
А яшчэ на некалькі дзён раней у інтэрнэце з’явілася інфармацыя пра таемны візіт у Мінск эмісара Кадафі, начальніка галоўнага ўпраўлення тылу і вытворчасці Часовага галоўнага народнага камітэта абароны Лівіі Абдэрахмана Сеіда, які нібыта прыехаў па зброю.

МЗС Беларусі паспяшалася абвергнуць тыя чуткі, аднак абвергнуць сам палёт наўрад ці ўдасца. У інтэрнэце выставілі аўдыёзапісы перамоваў венгерскіх і мальтыйскіх дыспетчараў з экіпажам самалёта Кадафі.

Хто мог запісаць гэтыя перамовы? Газета піша, што гэта былі радыёаматары. Аднак не выключана, што перамяшчэнні самалётаў з Лівіі адсочваюць і ізраільскія спецслужбы.
Яны палічылі факт палёту асабістага самалёта Кадафі займальным. І сапраўды, чаму паветраная машына кіраўніка дзяржавы вылецела і вярнулася ў ахопленую паўстаннем краіну?

Праслухаць аўдыёзапісы можна тут:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?