Натальля Радзіна распавяла, як пазьбегла вярбоўкі КДБ.

Журналістка Натальля Радзіна, якая пасьля выхаду з турмы КДБ жыве ў Кобрыне пад падпіскай аб нявыезьдзе, пракамэнтавала заяву Алеся Міхалевіча пра катаваньні ў турме КДБ «амэрыканка». Паводле Натальлі, з жанчынамі-арыштанткамі ахоўнікі абыходзіліся інакш: ім не рабілі «расьцяжак», не было раптоўных ператрусаў, жанчын-вязьняў ня бралі ў кайданкі і не выстаўлялі на холад распранутымі. Але ў тое, што ўсё, пра што распавёў Алесь Міхалевіч, магло адбывацца зь вязьнямі-мужчынамі, Натальля Радзіна верыць, мяркуючы па тым, што чула празь сьцены камэры і ў турэмных калідорах.

«Калі мужчын выводзілі на допыты ці на прагулкі, я чула каманды „Рукі за сьпіну!“, „Глядзець долу!“, чула грукат дубінак, электрычны трэск, відаць „электрашокераў“,

і тое, што іх прымушаюць літаральна бегчы па калідорах», — згадвае Натальля Радзіна.

«Было кожны раз вельмі жахліва ад гэтых гукаў. На іх рэальна гучна крычалі, каб ішлі хутчэй, каб беглі на гэтую прагулку. Там вельмі крутая лесьвіца, і я кожны раз думала, як людзі, той жа кандыдат Саньнікаў ці Зьміцер Бандарэнка, у якога праблемы са сьпінай, як яны могуць бегчы па гэтай лесьвіцы. Гэта немагчыма, гэта на самой справе катаваньне. Гэта тое, што мы чулі, але ня бачылі».

Натальлю Радзіну, паводле яе, таксама схілялі да супрацоўніцтва з КДБ.

«Ужываліся пагрозы, у тым ліку такія, што «падумай, бо ніколі ня будзеш мець дзяцей».

Радзіна мяркуе, ёй дапамагло тое, што падчас допыту з удзелам адваката яна заявіла, што мае намер заставацца незалежнай журналісткай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?