10.02.2006 / 11:04

Вольга Іпатава: Хай гэта будзе на сумленьні Казуліна Пісьменьніца Вольга Іпатава даслала ліст, у якім яна заяўляе, што больш не падтрымлівае А.Казуліна.

Пісьменьніца Вольга Іпатава даслала ліст, у якім яна заяўляе, што больш не падтрымлівае А.Казуліна.

«У перадачы радыё «Свабода» «Праскі акцэнт» двойчы падкрэсьлівалася, што я — у шэрагу людзей «вакол Казуліна». Хачу ў сувязі з гэтым удакладніць сваю пазыцыю.

Я сапраўды больш за год таму падпісала, сярод іншых, зварот да народу Беларусі грамадзкага аб’яднаньня, якое ўзначаліў Аляксандар Казулін. Але ў ягоную каманду ці партыю, тым болей з часоў ягонага кандыдацтва, я не ўваходзіла і не ўваходжу.

У час Кангрэсу дэмакратычных сілаў я галасавала за Мілінкевіча і цалкам падтрымліваю ягоную плятформу, а таксама вылучэньне адзінага кандыдата.

Але пры ўсім тым я ня стала б абвяргаць словы, што прагучалі ў «Праскім акцэнце» (урэшце, А.Казулін заяўляе пра сябе як пра дэмакрата), каб не ягоныя апошнія заявы, у прыватнасьці, пра тое, што нам не падыходзяць «празаходнія рэвалюцыі» і што Лукашэнка павінен застацца «станоўчым героем».

Я лічу, што сумленных людзей ужо ў працэсе вылучэньня дэмакратычных кандыдатаў загналі ў такія абцугі, што адзіным сродкам дамагацца праўды будуць менавіта вулічныя акцыі. А што тычыць станоўчага героя — то няхай гэта застаецца на сумленьні асабіста спадара Казуліна».

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру