Вывучэнне правілаў беларускага рынку з’яўляецца адной з асноўных мэт укладання інвестыцый у стварэнне прадпрыемства на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі 28 лютага ў Магілёве генеральны дырэктар ЗАТ «Вакару мядзенас групе» Віктарас Адамайціс.

Нагадаем, 28 лютага ў Магілёўскім аблвыканкаме былі падпісаныя інвестыцыйныя дагаворы паміж Рэспублікай Беларусь і ЗАТ «Вакару мядзенас групе», Рэспублікай Беларусь і замежным ТАА «Мебелаін».

«Магу сказаць, што на сённяшні дзень гэта самая буйная наша інвестыцыя. Мы думаем, што гэта інвестыцыя больш для вывучэння рынку, для вывучэння правіл», — сказаў кіраўнік кампаніі.

Паводле слоў Адамайціса, яны пралічвалі рызыкі, «разглядалі, аналізавалі беларускі рынак, прыцягвалі экспертаў, рабілі высновы». «Мы не вылучалі беларускі рынак як нейкі асабліва рызыкоўны», — заявіў генеральны дырэктар. «Мы ідзём працаваць, і на нас будуць глядзець іншыя. І калі нам стане тут дрэнна, то яны будуць аналізаваць», — дадаў ён.

Паводле сцвярджэння Эгідыюса Валянцінавічуса, віцэ-прэзідэнта па развіцці бізнесу канцэрна SBA, які з’яўляецца заснавальнікам замежнага ТАА «Мебелаін», Магілёўская вобласць прыцягнула інвестараў сваім зручным геаграфічным становішчам, наяўнасцю інфраструктуры і прыхільным стаўленнем мясцовай адміністрацыі.

Паводле падпісаных з літоўскімі кампаніямі інвестыцыйных дагавораў, у свабодную эканамічную зону «Магілёў» будзе прыцягнута больш за 70 млн. еўра замежных інвестыцый, створана каля 1.150 працоўных месцаў. Уведзеныя ў строй прадпрыемствы будуць задзейнічаныя ў вытворчасці мэблі кампаніі IKEA. Уся прадукцыя, якая вырабляецца з мясцовай сыравіны, будзе пастаўляцца толькі на экспарт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?