Па-сапраўднаму веснавое надвор’е чакаецца ў Беларусі толькі ў трэцяй дэкадзе сакавіка,

паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра Дзмітрый Рабаў на відэабрыфінгу 1 сакавіка.

Як зазначыў спецыяліст, сакавік — гэта пераходны месяц ад зімы да вясны.

Пачаткам вясны лічыцца пераход сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз нуль градусаў у бок павышэння.

Ён адбываецца ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі ў сярэднім 13–20 сакавіка, у цэнтральнай частцы краіны — 23–27 сакавіка, на паўночным усходзе — 28–31 сакавіка. «Папярэдне, вясна да нас прыйдзе ў звычайныя тэрміны», — прагназуе сіноптык.

Паводле яго слоў, у цэлым сярэднямесячная тэмпература паветра ў сакавіку чакаецца на 0,5 градуса ніжэйшай за кліматычную норму, якая складае мінус 3 — плюс 1 градус. Колькасць ападкаў — у межах сярэдніх шматгадовых значэнняў (норма складае 29–44 мм).

Першая дэкада сакавіка чакаецца халоднай.

Тэмпература паветра ноччу пераважна будзе мінус 10–17, у паўночна-ўсходніх раёнах да мінус 20–21 градуса. У дзённыя гадзіны ад мінус 5 да плюс 1. У далейшым у асобныя дні чакаюцца кароткачасовыя ападкі, начная тэмпература паветра будзе вагацца ад мінус 3 да 12 градусаў, зрэдку пры праясненнях — да мінус 16. Днём у асноўным мінус 5 — плюс 3 градусы, пераважна па паўночным усходзе краіны — мінус 6–8.

Як паведаміў сіноптык, у другой дэкадзе будзе крыху цяплей. Тэмпература паветра ноччу ад 0 — мінус 7 да мінус 8–13 градусаў, пры праясненнях да мінус 15–18. Дзённая тэмпература паветра ад мінус 4 да плюс 3. У найбольш цёплыя дні паветра можа прагравацца да плюс 4–6 градусаў, па паўднёвым захадзе да плюс 7–9. У асобныя дні будуць ападкі (мокры снег з дажджом).

Паводле слоў Рабава, трэцяя дэкада сакавіка прынясе па-сапраўднаму веснавое надвор’е. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны будзе мінус 3 — плюс 3 градусы, у асобныя ночы пры праясненнях да мінус 4–10 градусаў. Днём ад мінус 2 да плюс 6 градусаў. У самыя цёплыя дні ў асноўным па паўднёвай палове краіны чакаецца да плюс 7–13 градусаў.

У сакавіку месцамі на дарогах захаваецца галалёдзіца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?