Някляеву выклікалі хуткую. Ён адмовіўся выканаць патрабаванне ГБшнікаў
Сёння павінен быў адбыцца допыт, але, мяркуючы па ўсім, яго не будзе.
Сёння павінен быў адбыцца допыт Уладзіміра Някляева. Трэці за той час, штоэкс-кандыдат у прэзідэнты знаходзіцца пад хатнім арыштам. Але допыт, мяркуючы па ўсім, не адбудзецца.
У Някляева здарыўся інцыдэнт з супрацоўнікамі КДБ, якія да яго прыстаўленыя. Што ж адбылося?
Справа ў тым, што два папярэднія разы, калі Някляева везлі да следчага, «ахоўнікі» пакідалі кватэру. А гэтым разам чамусьці аднаго супрацоўніка вырашана было пакінуць у кватэры
— Нас гэта, безумоўна, абурыла,— расказала жонка Уладзіміра Някляева Вольга. — Я запланавала на сёння некалькі сустрэч і зараз вымушаная карэктаваць свае планы, бо я катэгарычна супраць, каб у маёй кватэры заставаліся староннія. Мы ім прапанавалі дзяжурыць каля дзвярэй, размясціцца на лесвічнай пляцоўцы, пакуль у кватэры нас не будзе. Але адказу на сваю прапанову не атрымала. Тады Уладзімір Пракопавіч адмовіўся ехаць на допыт.
Вядома, ён перанерваваўся і ў яго падняўся ціск.Давялося выклікаць «хуткую».
Як вядома, у кватэры Някляевых пастаянна дзяжураць два супрацоўнікі КДБ. Усяго «ахоўнікаў» шэсць чалавек (тры пары), змяняюцца яны праз 24 гадзіны. Размясціліся КДБэшнікі у асобным пакоі невялікай кватэркі Някляева.
Каментары