Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску 2 сакавіка паведаміў намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк.

«Кантрактаў (на пастаўку ўрану) яшчэ няма. Але ў праекце міжурадавага пагаднення па будаўніцтве АЭС закладзена, што Расійская Федэрацыя гарантуе пастаўку паліва на перыяд працы АЭС», — сказаў Міхадзюк. Разам з тым ён падкрэсліў, што гэта не выключае іншых пастаўшчыкоў паліва.

Міхадзюк адзначыў, што будаўніцтва атамнай станцыі — адзін з галоўных аспектаў энергетычнай бяспекі. «АЭС дазволіць знізіць сабекошт выпрацаванай электраэнергіі і стрымліваць рост тарыфаў, магчыма, знізіць», — сказаў намеснік міністра.

Пры гэтым Міхадзюк сказаў, што рост цэн на ўран сур’ёзна не паўплывае на сабекошт электраэнергіі.

Паводле яго слоў, сабекошт вытворчасці электраэнергіі на АЭС ніжэйшы за яе сабекошт на станцыях, якія выкарыстоўваюць традыцыйныя віды паліва. У сваю чаргу, зніжэнне сабекошту электраэнергіі станоўча адаб’ецца на экспартным патэнцыяле Беларусі, бо вырабленая прадукцыя стане больш канкурэнтаздольнай.

Беларусь разлічвае знізіць затраты на будаўніцтва АЭС за кошт удзелу беларускіх кампаній у гэтым праекце.

Міхадзюк нагадаў, што беларускі бок унёс свае прапановы па абсталяванні, якое вырабляецца ці можа вырабляцца ў Беларусі і выкарыстоўвацца пры будаўніцтве АЭС. «Тыя працы, якія мы можам выконваць, мы будзем рабіць», — сказаў намеснік міністра, удакладніўшы пры гэтым, што ў адпаведнасці з дамоўленасцямі прадугледжваецца максімальны ўдзел беларускага боку ў гэтым праекце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?