10.02.2006 / 11:05

«Наш стратэгічны плян — самазахавацца» Аляксандар Казулін адкінуў прапановы Мілінкевіча.

Спадзевы на тое, што А.Казулін далучыцца да адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў да рэгістрацыі прэтэндэнтаў Цэнтарвыбаркамам, ляснулі.

Спадзевы на тое, што А.Казулін далучыцца да адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў да рэгістрацыі прэтэндэнтаў Цэнтарвыбаркамам, ляснулі.

4 лютага Аляксандар Мілінкевіч прапанаваў А.Казуліну вырашыць пытаньне пра ўдзел у выбарчай кампаніі аднаго дэмкандыдата па пяці крытэрах:

— колькасны склад ініцыятыўнай групы;

— колькасьць сабраных подпісаў;

— колькасьць партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, якія падтрымалі прэтэндэнта (шырыня кааліцыі);

— рэйтынг паводле дасьледаваньняў незалежных сацыёлягаў;

— публічная міжнародная падтрымка як на Захадзе, так і на Ўсходзе.

Адказ ад А.Казуліна прыйшоў імгненна — у панядзелак, 6 лютага. Ён адкінуў прапанову Мілінкевіча. У лідэра БСДП(Г) прапанова іншая: падпісаць дамоўленасьць, паводле якой у выпадку нерэгістрацыі аднаго з двух Аляксандраў, падтрымаць другога кандыдата.

Намесьнік кіраўніка штабу А.Мілінкевіча, Віктар Карняенка ў панядзелак сустрэўся з прадстаўнікамі штабу А.Казуліна. З В.Карняенкам размаўлялі намесьнікі кіраўніка БСДП(Г) Анатоль Ляўковіч ды Аляксей Кароль, і Іван Анташкевіч (які яшчэ летась быў сябром АГП). В.Карняенка пачуў наступнае: «Наш стратэгічны плян — самазахавацца як партыі яшчэ на пяць год. А для гэтага мы абралі новага лідэра, вядзём пошук фінансаў, будзем праводзіць раскрутку партыі. У нас супольныя мэты, а ня тыя супярэчнасьці, што ляжаць у падмурку вашай праамэрыканскай кааліцыі…»

Сп.Карняенка так пракамэнтаваў вынікі сустрэчы з казулінцамі: «Гэта абуральны й хамскі адказ. Камандзе Казуліна перапіска з намі патрэбная як PR-матэрыялы. Гэтыя пляны нічога супольнага з стратэгіяй перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах ня маюць. Таму нам тэрмінова трэба сканчаць гэты «перамоўны працэс», бо гэта толькі блытае людзей, дае ім дарэмную надзею на нейкі плён перамоваў».

Амаль адначасова выйшла газэта «Обозреватель» з інтэрвію кандыдата ад сацыял-дэмакратаў, дзе ён, мякка кажучы, не па-сяброўску выказваеццца на адрас А.Мілінкевіча і дэмакратычных сілаў.

У дадатак на круглым стале ў Маскве 6 лютага А.Казулін заявіў на адрас дэлегацыі Дэмакратычных сілаў і А.Мілінкевіча: «Тут увогуле няма ніводнага сур’ёзнага чалавека», а калі ў залі зьявіўся прадстаўнік Адміністрацыі Пуціна, кінуў: «Ды БНФ вас, расейцаў, увогуле лічыць акупантамі».

З увагі на такія заявы А.Казуліна і ягонай каманды штаб А.Мілінкевіча 8 лютага прыняў рашэньне, што далейшыя размовы з А.Казуліным ня маюць сэнсу.

Зьміцер Дрыгайла

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру