У восьмы раз лепшыя беларускія гітарысты зьбяруцца на сцэне ДК Менскага Трактарнага Заводу - 2 сьнежня там адбудзецца 8-мы Рэспубліканскі фэстываль гітарнай музыкі «Грыфаманія-2006». Штогод дырэктар фэстывалю Юры Рашэтнікаў, як і іншыя арганізатары выключна з уласнага энтузіязму, змушана пераконвае, што ў гэтым годзе «Грыфаманія» будзе апошняй. «Фэстываль патрэбны ў першую чаргу самім музыкантам, ён ужо мае і сваю пастаянную публіку – калі ён запатрабаваны, трэба працягваць!» – кажа Юрый напярэдадні чарговага фэсту. Сёлета ў «Грыфаманіі» прымуць удзел восем гітарыстаў – усе беларускія. Падрабязнасьці ад дырэктара фэстывалю Юрыя Рашэтнікава адмыслова для чытачоў «Тузіна Гітоў».

Першы фэстываль лепшых гітарыстаў адбыўся ў 1999 годзе і за гэты час толькі двойчы зьмяніў пляцоўку: клюб «Акварыюм» на ДК МТЗ і малы зал Палацу Рэспублікі. Сёлета «Грыфаманія» пройдзе ў традыцыйнай ужо залі ДК МТЗ.

Кожны год дырэкцыя, якая, уласна, складаеца з аднаго Юрыя, імкнецца падтрымаць статус міжнароднага фэстывалю: «У нас выступаў Зьміцер Малалетаў з Масквы, у мінулым годзе гасьцямі былі гітарысты з Самары і Сымфэропаля», - распавядае Юрый Рашэтнікаў. У гэтым годзе да «Грыфаманіі» абяцаў даехаць выбітны кіеўскі гітарыст Сяргей Чантурыя: «Літаральна за дзень да выхаду афіш высьветлілася, што Сяргей выступае на фэстывалі ў Луганску і да Менску дабрацца не пасьпее нават самалётам, – кажа Юрый, - таму сёлета мы засталіся без замежнага ўдзельніка, аднак, я перакананы, што «Грыфаманія» ад гэтага шмат ня згубіць, бо ў беларускіх мэляманаў будзе магчымасьць пачуць лепшых нашых гітарыстаў».

Звычайна да ўвядзеньня новых удзельнікаў дырэкцыя фэсту ставіцца асьцярожна, але сёлета склад быў абноўлены на 60 адсоткаў: пяць з васьмі музыкаў, што пазначаны ў афішах – дэбютанты. Сярод іх – Ірына Ігнацюк. «Яе ведаюць ужо па іншых праектах і праграмах на тэлевізіі, - кажа Юры. Ірына стане другой жанчынай-удзельніцай «Грыфаманіі».. Самыя маладыя ўдзельнікі сёлета – Аляксандар Грыгор’еў і Аляксандар Цалуйка. «Саша Цалуйка мае 19 год, - распавядае Юрый, - але гэты малады хлопец грае вельмі тэхнічна, ён гітарыст каманды Кірыла Слукі.»

Рок, блюз, джаз, фламенка - жанры, негалосна замацаваныя за «Грыфаманіяй», як «фарматныя». На сцэне восьмага фэстывалю выступяць таксама добра вядомыя мэляманам Уладзімер Угольнік, Андрэй Вайцяхоўскі, Ігар Піліпенка і Юры Несьцярэнка – гітарыст зь Бялыніч.

Штогод дырэктар і арганізатар фэсту Юры Рашэтнікаў стомлена кажа, што сёлета «Грыфаманія» будзе апошняй. «Я ўжо сам часам сьмяюся са сваіх гэтых заяваў, якія раблю абсалютна шчыра, - кажа Юрый. - У гэтым годзе я цэлы месяц разважаў, рабіць фэст, ці не. Але зоркі сталі так, што я зразумеў - трэба працягваць!» Больш за тое – Юрый на гэты раз ня толькі не кажа пра «апошнюю» «Грыфаманію», а нават распавядае пра пэўныя пляны, зьвязаныя з тым, што «Грыфаманія» ў наступным годзе можа зьмяніць свой фармат: «Праблема фэстывалю ў тым, што ў нас няма грошай. Калі ўсё атрымаецца - да нас далучыцца адзін вядомы тэлеканал, які мае салідныя фінансавыя магчымасьці.» У такім выпадку гэтаму тэлеканалу, які Юрый пакуль не называе, будуць перададзены ўсе правы на правядзеньне фэстывалю. «Толькі такім чынам мы зможам вывесьці «Грыфаманію» на іншы якасны ўзровень, - кажа Юрый, - зможам паклапаціцца і пра аздабленьне сцэны, зрабіць якасныя гук і сьвятло, запрасіць нарэшце замежную зорку – нас ня будзе палохаць высокі ганарар.»

«Фэстываль патрэбны ў першую чаргу самім музыкантам, ён ужо мае і сваю пастаянную публіку – калі ён запатрабаваны, трэба працягваць!» – кажа Юрый напярэдадні чарговай «Грыфаманіі».

«Тузін Гітоў»

Адрас: Менск, вул. Даўгабродзкая, 24.

Праезд:

мэтро да ст. «Трактарны завод».

аўтобусы: 2, 43, 43д, 84, 106; трамваі 3, 6, 7, 8 да прыпынку «Трактарны завод».

тралейбусы: 36,49 да прыпынку «Алега Кашавога».

Даведкі: 8017 2302032

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0