Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч атрымаў пацверджанне, што яго заява пра катаванні ў СІЗА КДБ дайшла да Генпракуратуры. Пра гэта паведаміла жонка палітыка Мілана Міхалевіч.

28 лютага экс-кандыдат, які два месяцы правёў пад арыштам у СІЗА КДБ, накіраваў у Генпракуратуру Беларусі заяву.

Мілана Міхалевіч паведаміла, што мае намер «паўторна адправіць па пошце заказным лістом заяву з нагоды сітуацыі ў СІЗА КДБ».

«Я адпраўлю яе яшчэ раз, каб ужо напэўна. Абавязкова пазначу зваротны адрас», — сказала жонка палітыка.

Алесь Міхалевіч, якога абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску, праз некалькі дзён пасля выхаду зь СІЗА КДБ на прэс-канферэнцыі заявіў, што там да арыштаваных «ужываліся катаванні». Ён назваў СІЗА КДБ «канцлагерам у цэнтры Мінска».

Начальнік Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Аляксандар Антановіч заявіў Інтэрфаксу, што расповед Міхалевіча аб ужываньні катаванняў у СІЗА КДБ не адпавядае рэчаіснасці.

Сёння з’явіўся адкрыты зварот шэрагу абвінавачаных па справе аб масавых беспарадках да генпракурора Беларусі з патрабаваннем «расследавання фактаў гвалту, жорсткага абыходжання і катаванняў у дачыненні да арыштаваных па справе аб масавых беспарадках і неадкладнай праверкі ўмоў утрымання ў СІЗА КДБ кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі і сябраў іхніх камандаў, метадаў работы супрацоўнікаў КДБ пры правядзенні расследавання».

Пад ім падпісаўся шэраг асобаў, якія знаходзіліся пад арыштам у СІЗА КДБ, а пасьля меру стрымання ім змянілі на падпіску аб нявыездзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?