Ягоную гістарычную ролю самі палякі ацэньваюць дыямэтральна. Адныя лічаць паслугачом Масквы, іншыя — патрыётам-рэалістам, які выратаваў краіну ад інтэрвэнцыі, а затым даў пачатак трансфармацыі рэжыму.

Не хачу ўлазіць у іхнія спрэчкі, але зазначу: асабіста я шчыра ўдзячны Ярузэльскаму за адну рэч.

Магчыма, дзякуючы яму чвэрць стагодьдзя таму пашэнціла ня стаць акупантам.

...Тады мы, выпускнікі БДУ, праходзілі вайсковыя зборы, пасьля якіх мусілі атрымаць лейтэнантаў запасу.

Патаемна слухаючы пасьля адбою прыймач, даведаліся пра падзеі у Польшчы. Там акурат паўстаў прафсаюз "Салідарнасьць" на чале з электрыкам Лехам Валэнсам. Патыхала навальніцай. Мы трохі ведалі пра Вугоршчыну-56 і Чэхаславаччыну-68. Цяпер падобнае насьпявала ў Польшчы.

І сапраўды, празь некалькі дзён нас узнялі ўначы па трывозе. Пастаўлены на вушы аддзел рушыў маршам у заходнім кірунку. Куды — вайсковая таямніца. Але ўсе шапталіся: на Польшчу...

Ваякі з нас былі яшчэ тыя. Маладыя зьедлівыя гуманітары, мы кпілі зь мілітарысцкага побыту. Менавіта ў войску заганы "саўка" — ад прамываньня мазгоў на палітзанятках да крадзяжу ўсяго, што кепска ляжыць, — выяўляліся асабліва выразна, а часам проста карыкатурна.

Так што і стаўленьне да вайсковае павіннасьці было адпаведнае.

Па дарозе на палігон мы зазвычай прасілі спыніць БТР ля вясковай студні. Нібыта набраць у біклагі сьвежай вады. Тым часам нехта адзін з загадзя сабранай жменяй рублёў заскокваў у краму і напаўняў заплечнік пляшкамі "Абрыкосавага водару" (водар быў сумнеўны, затое 18 "абаротаў"!).

"Чарніла" хутка пералівалі ў біклагі... Карацей, на палігон прыязджалі ў добрым настроі, з песьняй пра тое, што Чырвоная армія за ўсіх мацнейшая.

Іншым разам было цяжкавата пацэліць у мішэні, але надта не пераймаліся. Цінічна разьлічвалі на тое, што таварыш маёр нікуды не падзенецца.

І сапраўды, залік атрымлівалі ўсе. Бо іначай былі б пытаньні да саміх афіцэраў, што чатыры гады кавалі з нас кадры на вайсковай катэдры: чаму кепска навучалі?

Вось асабістую зброю мы даглядалі старанна. Нават вядомыя на курсе раздзяўбаі чысьцілі свае "калашы" так, што старшына мог не пераправяраць. Усё ж у кожным мужчыну дрэмле ваяр.

У мяне быў нікім датуль не карыстаны аўтамат... 1961 году выпуску. Лічы, два дзесяцігодзьдзі пралежаў у заводзкай змазцы. Дый абмундзіраваньне выдалі хоць і ня ношанае, але таксама пашытае чорт ведае калі.

Бачыце, на гэтым здымку я з Алегам Марозавым ды Толікам Басавым — у гімнасьцёрках узору Вялікай Айчыннай. Салдаты тэрміновай службы тады ўжо насілі кіцелі.

Уяўляеце, якія калясальныя запасы ляжалі на складах Савецкай арміі? Сур'ёзна рыхтавалася камуністычная звышдзяржава змагацца з сусьветным імпэрыялізмам! У тым ліку адбіваць ягоныя падкопы пад адзінства сацыялістычнага лягеру.

Польскія падзеі трактаваліся менавіта так.

Але тое, што дзяўблі нампаліты, нас ні каліва не натхняла.

І калі сярод ночы, абы-як наматаўшы анучы, мы наўючвалі сябе зброяй, адгазьнікамі ды іншай амуніцыяй, то было кепскае прадчуваньне, што гэтая вандроўка з "калашнікавымі" пахне ўжо зусім не "Абрыкосавым водарам"...

Чарада БТРаў і БМПшак жалезным вусенем папаўзла на захад.

Усе былі цьвярозыя і змрочныя.

І тут здарыўся цуд.

Празь нейкую гадзіну ахутаную шызым дымам калёну спынілі.

А неўзабаве далі каманду вяртацца.

Генэрал Ярузэльскі тады паабяцаў Крамлю, што сам утрымае сытуацыю.

Так, ня скажаш, што ён рабіў справу ў белых пальчатках. Тысячы змагароў супраць камуністычнай улады трапілі за краты.

Але празь нейкі час гэнэрал сядзе з апазыцыяй за круглы стол і фактычна перадасць уладу ў ейныя рукі.

Неўзабаве камуністычны рэжым у Польшчы абрынецца.

У нашай цяперашняй кіроўнай эліце вайсковага люду хоць адбаўляй. А вось Ярузэльскіх ня бачна.

P.S. А я, між іншым, зрабіў потым вайсковую кар'еру!

Падчас перабудовы газэта "Знамя юности" пачала пісаць на раней табуяваныя тэмы, у тым ліку пра нестатутныя дачыненньні ў войску. Вось і сталі "ўзнагароджваць" рэдактара позвамі на зборы. У ваенкамаце неафіцыйна тлумачылі: каб ня быў надта разумны!

Але ж пасьля збораў хоцькі-няхоцькі належала кідаць зорачку. Вось так я, у душы пацыфіст, і вырас аж да капітана :)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0