Упершыню за два месяцы з Дзмітрыем Бандарэнкам, даверанай асобай экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, сустрэўся яго адвакат Мар’яна Сямешка.

Як паведаміла БелаПАН жонка Бандарэнкі Вольга, адвакат не бачыла свайго падабароннага з 29 снежня мінулага года. «3 сакавіка яна з ім сустрэлася на допыце. Сказала мне, што ён трымаўся бадзёра, хоць схуднеў», — паведаміла Вольга Бандарэнка.

З апошняга ліста Дзмітрыя яго жонка даведалася, што ў яго праблемы са здароўем. «У яго праблемы са страўнікам, са спінай. Але адвакату ён ні на што не скардзіўся, ён наогул з тых, хто не скардзіцца», — дадала Вольга.

Паводле слоў жонкі палітыка, пасля прызнанняў Алеся Міхалевіча пра катаванні ў КДБ яна «чакала горшага».

Стала таксама вядома, што на 4 сакавіка прызначаны чарговы допыт Аляксандра Фядуты, які падчас выбарчай кампаніі быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева.

Бандарэнка і Фядута абвінавачваюцца ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках у Мінску вечарам 19 снежня. Паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэкса ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?