Павел Сапелка выключаны з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў (МГКА) за парушэнне патрабаванняў Крымінальна-працэсуальнага кодэкса і правілаў прафесійнай этыкі адваката.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце Міністэрства юстыцыі.

Паведамляецца, у прыватнасці, што пры разглядзе матэрыялаў праверкі ў дачыненні да адваката юрыдычнай кансультацыі № 2 Савецкага раёна Мінска Паўла Сапелкі на пасяджэнні прэзідыума МГКА 3 сакавіка «устаноўлена, што Сапелкам дапушчаны шэраг парушэнняў патрабаванняў Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, Правілаў прафесійнай этыкі адваката, а таксама рашэнняў органа адвакацкага самакіравання «.

«Дапушчаныя парушэнні выказаліся ў няяўцы па выкліку органа, які вядзе крымінальны працэс, для ўдзелу ў следчым дзеянні па крымінальнай справе і незабеспячэнні абароны абвінавачаных,
а таксама ігнараванні рашэнняў кіраўніцтва калегіі і праяве тым самым непавагі да органаў адвакацкага самакіравання», — гаворыцца ў паведамленні.

Прэзідыум МГКА прызнаў дзеянні Сапелкі «несумяшчальнымі са званнем адваката» і прыняў рашэнне аб яго выключэнні з членаў калегіі адвакатаў, інфармуе Мінюст.

Павел Сапелка з’яўляўся абаронцам былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саньнікава, а таксама Паўла Севярынца — кіраўніка выбарчага штаба экс-кандыдата Віталя Рымашэўскага і Дзмітрыя Дашкевіча — лідэра міжнароднай моладзевай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія).

Калегі-юрысты называюць Сапелка адным з найбольш прафесійных і найбольш прынцыповых адвакатаў Беларусі. На працягу многіх гадоў ён абараняў фігурантаў гучных палітычных працэсаў. Ён, у прыватнасці, быў абаронцам Мікалая Аўтуховіча, сябра незарэгістраванай арганізацыі «Партнёрства» Цімафея Дранчука, прадстаўляў у судзе інтарэсы Зінаіды Ганчар па справе зніклага ў 1999 годзе Віктара Ганчара, а таксама быў адвакатам Аляксандра Баразенкі — фігуранта «справы чатырнаццаці» аб удзеле ў акцыях пратэсту прадпрымальнікаў, абараняў рэдактара газеты «Навінкі» Паўла Канавальчыка па справе аб абразе прэзыдэнта.

Незалежныя юрысты расцэньваюць выключэнне Сапелка з МГКА як расправу над адвакатам і чарговы віток ціску на незалежную адвакатуры ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?