Алеся Лукашова адлічылі з 2 курса фізфака БДУ. Фармальная прычына — няздача сесіі.

Алесь працаваў у камандзе Уладзіміра Някляева. Ён і з экс-кандыдатам у прэзідэнты ішоў у адной калоне на Кастрычніцкую плошчу 19 снежня. Быў сведкам збіцця Някляева і наступных падзей.

Пасля пачаліся выклікі ў міліцыю: абедзьве яго сім-карты былі зарэгістраваны на Плошчы. Першы раз выклікалі па тэлефоне. Другі — праз дэкана факультэта. Апошні сказаў, што за палітыку адлічыць Алеся не можа, але будзе шукаць іншыя варыянты. У выніку падстава знайшлася – няздача сесіі. З пяці іспытаў першыя тры Алесь здаў. Завалілі на апошніх, пераздачу якіх і камісія не прыняла.

Алесь кажа, што яго прыклад быў паказальным для астатніх (ён не адзін з факультэта прысутнічаў на Плошчы). Маўляў,

ён не з’яўляўся лепшым студэнтам, і адлічэнне нібыта лагічнае. Але для каго гэта было папярэджаннем, той зразумее.

Дэкан, па словах Алеся, ведае пра ўсіх удзельнікаў Плошчы. І ходзяць чуткі, што іх могуць адлічыць падчас семестра альбо на летняй сесіі, каб не прыцягваць лішняй увагі.

Алесь Лукашоў ужо атрымаў выклік з Польшчы на праграму Каліноўскага. Праўда, яшчэ з універсітэтам не вызначана. Малады чалавек хоча змяніць абраную ў Беларусі спецыяльнасць на іншую — журналістыку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?