daylife.com

daylife.com

Брытанская юрыдычная фірма H2О Law рыхтуецца ініцыяваць прыватны судовы пераслед ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе газета The Independent. Фірма дзейнічае ад руху «Неадкладна вызваліце Беларусь» (Free Belarus Now) — групы энтузіястаў, заснаванай сем’ямі апазіцыйных палітыкаў і журналістаў, арыштаваных падчас разгону дэманстрацыі 19 снежня ў Мінску.

«Мы ўпэўнены, што ў нас ёсць усе неабходныя складнікі для таго, каб выставіць як прыватнае абвінавачанне, гэтак і грамадзянскі іск Аляксандру Лукашэнку.

Мы гатовы ўступіць у гэтую справу, і сем’і, якія мы прадстаўляем, перапоўнены рашучасцю»,

— заявіў у інтэрв’ю газеце партнёр-заснавальнік H2О Law Джэйсан Макк’ю.

Як зазначае выданне, юрысты спадзяюцца, што прыватнае абвінавачанне «можа ўрэшце рэшт пацягнуць за сабой ордэр на арышт у дачыненні да яго самога (Лукашэнкі) або яго паплечнікаў». «Беларускі прэзідэнт і многія з тых, хто яго падтрымлівае, ужо трапілі пад забарону Еўрапейскага саюза на паездкі, але ордар на арышт распаўсюдзіцца і на тыя краіны па-за Еўрасаюзам, з якімі Брытанія мае пагадненні аб экстрадыцыі», — піша The Independent.

Паводле звестак выдання, H2O Law з самага пачатку была запрошана для аказання націску на ААН і Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, каб тыя нешта зрабілі ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, але «абвінавачанні ў катаваннях прымусілі яе заняцца больш прамым падыходам». «У нас ужо была дастатковая колькасць сведчанняў аб катаваннях у цэнтрах затрымання КДБ, але сапраўдным паваротным момантам і фактарам, які мяняе правілы гульні, стала апошняе сведчанне Алеся Міхалевіча», — сказаў Макк’ю.

Як зазначае брытанская газета, Міхалевіч правёў восем тыдняў у ізалятары часовага ўтрымання КДБ. На мінулым тыдні на прэс-канферэнцыі ў Мінску ён заявіў, што зведваў катаванні.

«Калі H2O Law будзе дзейнічаць, як плануе, то гэта будзе першы выпадак, калі юрысты, што дзейнічаюць у інтарэсах абароны правоў чалавека, пераследуюць кіраўніка суверэннай дзяржавы. Згодна з міжнародным заканадаўствам, катаванні — адзін з тых нешматлікіх відаў злачынстваў, які можа патрабаваць зняцця імунітэту суверэна», — піша The Independent.

«Калі абвінавачанні ўключаюць катаванні, патэнцыяльна гэта дазваляе суду выкарыстоўваць агульную юрысдыкцыю,

і ён таксама можа ануляваць суверэнны імунітэт, на які можа прэтэндаваць Лукашэнка»,
 — цытуе газета адваката H2O Law Мэт’ю Джуры.

H2O Law выкарыстала амерыканскія суды для пераследу Муамара Кадафі за перадачу семтэксу (від выбухоўкі) байцам «Сапраўднай ІРА». Як зазначае брытанскае выданне, два гады таму яна дамаглася поспеху ў справе з патрабаваннем кампенсацыі ў 1,6 млн. фунтаў стэрлінгаў ад «Сапраўднай ІРА» за выбух у горадзе Ома.

У прэс-службе прэзідэнта Беларусі паведамленне The Independent пакуль не каментуюць.

* * *

Брытанскія юрысты спрабуюць звярнуць на сябе ўвагу, карыстаючыся вядомасцю беларускага лідара і палітычнай вастрынёй сытуацыі, заявіў кіраўнік прэсавай службы прэзідэнта Беларусі Павал Лёгкі.

Гэтак ён пракамэнтаваў артыкул у брытанскай газэце «The Independent».

Выданне паведаміла, што брытанская юрыдычная фірма H2О Law рыхтуецца ініцыяваць прыватны судовы пераслед у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі.

«Мы ўпэўненыя, што ў нас ёсць усе неабходныя складнікі для таго, каб прад’явіць як прыватнае абвінавачанне, так і грамадзянскі пазоў Аляксандру Лукашэнку. Мы гатовыя ўступіць у гэтую справу, і сем’і, якія мы прадстаўляем, поўныя рашучасці», — заявіў у інтэрвію газэце партнэр-заснавальнік H2О Law Джэйсан Маккей.

«Перспектывы ў гэтай задумы — нулявыя, — сказаў Павал Лёгкі. — Гэта на самой справе ня больш чым піяр-акцыя спадароў юрыстаў. Гэта толькі спосаб хоць як звярнуць на сябе ўвагу, карыстаючыся вядомасцю беларускага лідара і палітычнай вастрынёй сытуацыі. Я думаю, што і самі арганізатары выдатна разумеюць, што гэта пусты рэклямны пшык. А вось The Independent, не разабраўшыся ў сутнасьці пытаньня, папросту купілася на танны трук. Іміджу сур’ёзнага выданьня падобнае, на мой погляд, проста шкодзіць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?