25 лістапада сябры і прыяцелі Згуртаваньня Беларусаў Вялікай Брытаніі сабраліся ў Беларускім грамадзка-рэлігійным цэнтры ў паўночным Лёндане на штогадовую акадэмію ўшанаваньня памяці ваяроў Слуцкага збройнага чыну.

Адзначэньне ўгодкаў гераічнага змаганьня случчакоў за незалежнасьць БНРі распачалося царкоўнай службай за загінуўшых за Бацькаўшчыну, што адпраўляў у царкве сьв. Пятра і Паўла апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў замежжа а. Аляксандар Надсан.

У залі цэнтру прысутных прывітала старшыня ЗБВБ Лёля Міхалюк. Быў зачытаны зварот Старшыні Рады БНР сп-і Івонкі Сурвіллы з нагоды слуцкіх угодкаў, а таксама рэфэрат на тэму дня намесьніка старшыні ЗБВБ Міколы Пачкаева.

Сп. Павал Шаўцоў прадэклямаваў некалькі вершаў Натальлі Арсеньневай, прысьвечаных памяці змагароў за Беларусь, а сп. Сяржук Вінаградаў выканаў беларускія народныя песьні ў суправаджэньні дуды. Афіцыйная частка акадэміі завяршылася сьпевам нацыянальнага гімну «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

Другую частку сходу ЗБВБ прысьвяціла айцец А. Надсану з нагоды 80-га юбілею яго жыцьця. Айцец А. Надсан – адзін з найбольш выбітных рэлігійных і грамадзкіх дзеячоў паваеннай беларускай эміграцыі, які быў таксама сярод заснавальнікаў Згуртаваньня Беларусаў Вялікай Брытаніі у 1946 г. і да цяпер знаходзіцца яго чынным сябрам. Ад сяброў ЗБВБ яму быў уручаны падарунак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?