20:04. Дзмітрый Мядзведзь выйшаў з клеткі. Першым чынам ён абняў сваіх родных. Даваць каментары мужчына пакуль адмовіўся. Адзінае, што ён сказаў: «Дзякуй Богу».
19:52

Дзмітры Мядзведзь асуджаны на тры гады абмежавання волі без накіравання ў спецустановы, так званай «хатняй хіміі». Сп. Мядзведзя вызваляюць проста ў залі суда.

19:40

Вынясенне прысуду зацягваецца. Толькі цяпер людзей пачалі запускаць у залу суда, хоць прысуд мусілі пачаць абвяшчаць яшчэ, а 18:30.

16:25

Мядзведзь — апошняе слова:

Я хацеў бы сказаць, што калі я трапіў у такую сітуацыю, па-першае ніякай агрэсіі не было і няма, на відэа бачна, што я адбіваўся — але два ўдары па галаве атрымаў, адзін з кравападцёкам. Арыштоўвалі мяне ля помніка, я хацеў сысці ад гэтага кашмару. Прайсці было немагчыма — я спакойна накіраваўся да машыны.

Па уроне — калі я быў за 20 метраў ад ганка, я не магу адказваць за людзей, якія білі шкло. Я — мірны чалавек, у мяне былі вялікія планы, новыя тэхналогіі ў будаўніцтве, стварэнне таннага жылля. Супрацоўнічаў з адным з вядомейшых архітэктараў Расіі. Хацеў выкарыстоўваць яго тэхналогіі.

Тое што здарылася — кашмарна.

Суд выйшаў для вынясення прысуду.

15:55

Абвяшчаюцца спрэчкі бакоў.

Пракурор кажа, што абвінавачаны віны не прызнаў, але з улікам даследаваных доказаў (праз допыт пацярпелых),

вінатавасць абвінавачанага даказана ў поўным аб’ёме.

Мядзведзю ставіцца ў віну ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Яму інкрымінуюцца ўдзел у мерапрыемстве ў папярэдняй змове.

Версія, што абвінавачаны проста абараняўся, не з’яўляецца праўдзівай, бо ўдар міліцыя нанесла толькі адзін і гэта была абарона з боку міліцыі.

Пракурор: абвінавачаны меў магчымасць пакінуць плошчу, але не скарыстаўся магчымасцю, таму склад злачынства даказаны. Ацягчаючыя абставіны: змова злачынная. Пракурор патрабуе (з улікам хадатайстваў) 4 гады строгага рэжыму.

Адвакат: Сёння прагучала трэцяе абвінавачванне з пачатку разгляду справы.

Сёння было новае абвіначванне — папярэдняя змова, якую пракурор просіць лічыць як абцяжарваючую абставіну. На першым пасяджэнні працэсу пра такое гаворкі не ішло — 1 сакавіка нічога пра змову не гаварылася. Ніводнага доказу у пацверджанне абвінавачвання няма. Больш за тое, многія абвінавачванні — спроба выдаць жаданае за рэальнае, абвінавачанне, мякка кажучы, не з’яўляецца праўдзівым.

Па вызначэнні слова «пагром» — рэакцыйна-шавіністычнае злачынства, што суправаджаецца масавымі забойствамі, рабаваннем. Адкуль узяліся пагромы? Што і каго грамілі — невядома, проста перапісана фармулёўка ў артыкуле. Наступнае — падпал. Якая маёмасць знішчана агнём? Узгадваліся нейкія анучы, што гарэлі, але так ніхто і не змог узгадаць, якія.

«Узброены супраціў» — гэта наяўнасць зброі. Зброя паводле закона — гэта не рыдлёўкі і палкі і г.д.

Палка па законе — не зброя.

Таму ўзброенага супраціву не было.

Знішчэнне акон і дзвярэй. Першапачаткова замест слова знішчана было слова «пашкоджана» Далей пішацца «Знішчана»

Вызначэнне шкоды было складзена такім чынам: разбітыя вокны, пашкоджана 14 дзвярэй, адарвана труба.

Рамонт не праводзіцца пасля знішчэння.

Адвакат: напісана ў абвінавачванні, што Скараходу нанесена траўма — страсенне мозга. Лёгкая траўма, а ў экспертным заключэнні — зусім іншыя траўмы. Практыка прымянення арт. 293 у РБ не вытрымлівае крытыкі. Нават банда, якая займаецца рабаўніцтвам-забойствамі, адказвае толькі за свае дзеянні.

Чаму Мядзведзь мусіць адказваць за ўсё, што здарылася на плошчы?

Яго нельга судзіць толькі за прысутнасць. Кожная асоба павінна несці адказнасць выключна за свае дзеянні. Устанавіць, хто нанёс пашкоджанні міліцыянтам, павінна папярэдняе расследаванне, і органы папярэдняга расследавання не могуць выканаць сваю працу.

Канкрэтныя дзеянні Мядзведзя: у абвінавачанні «шматлікія ўдары нагамі па шчытах». І трохсекундны ролік, на якім суседу Мядзведзя наносяць удары. Нанясення ўдараў нагамі не бачна.

Калі гаворка ідзе пра пранікненне ў Дом урада, варта звярнуцца да 292-га артыкула.

Адвакат патрабуе поўнага апраўдання.

15:45

Адвакат: што канкрэтна вы бачылі на відэа?

Мядзведзь: Я стаю ў натоўпе, закрываю твар рукамі. Па дубінцы я ўдарыць не магу, бо знаходжуся далёка. Цяпер гэты фрагмент прадэманструюць паўторна. Пракурор ізноў закрыў сабой палову экрану.

На 2-х секундным прамежку ён насамрэч закрывае галаву рукамі. Адзенне ў апісанні абвінавачанага і на відэа супадае, што пярэчыць паказанням сведкі.

Пракурор: ці мелі вы магчымасць пакінуць плошчу? Па запісе бачна, што вы маглі пакінуць плошчу? Чаму не пакінулі?

Мядзведзь: ззаду было пуста, я падышоў, каб падняць чалавека.

15:42

Відэа дэманстравалася без гуку, пасля гук уключылі, але разабраць словы было немагчыма. У зале шумна, многія глядзяць відэа стоячы. Толькі што пракурор спінай засланіў экран — цяпер з залу не бачна амаль нічога.

Да таго як карцінка была бачнай, быў чутны шэпт «Жах!» на карцінцы, дзе міліцыя нападае на людзей.

Відэа абарвалося, на экране ўзнік Лукашэнка. Па зале пракаціўся смех.

Мядзведзь убачыў на відэа сябе. На відэа ён імкнецца закрыць твар рукамі.

15:32

Пытанні да абвінавачанага.

У тэлефоне знойдзеныя фатаздымкі з панарамай будынку гарвыканкама, зробленыя з боку Дома ўрада.

Мядзведзь: Як толькі я падышоў да помніка, я нічога не бачыў, зрабіў некалькі кадраў — без усялякіх мэтаў.

Пракурор: На плошчу вы прыехалі, а 22-й, а першы званок зарэгістраваны ў 20.42. Пасля званкоў з ягонага тэлефона няма.

Адвакат прадастаўляе хадатайства працоўнага калектыва з характарыстыкай. Другое хадатайства: жонка зараз у дэкрэце, а таксама мае крэдыт у «Прыёрбанку». Зачытваецца характарыстыка ад калегаў па працы — ацэнены калегамі вельмі высока. Адзначаюць, што выпадку зняволення Мядзведзя шматлікія кампаніі адмовяцца заключаць з імі кантракты.

Зараз будзе прадэманстравана відэа з плошчы

15:21

Ідзе пералік траўмаў, атрыманых міліцыянерамі.

15:16

Суддзя праводзіць пералік знойдзеных на плошчы прадметаў. 30 снежня праведзены ператрус дома ў Мядзведзя.

Падазроных прадметаў падчас ператрусу не было знойдзена.

Суддзя гаворыць вельмі хутка, разабраць нешта цяжка.

15:00

Другі сведка — Грысенка, 85 г.н. міліцыянт. Абвінавачанага бачыў. Кажа, што затрымлівалі людзей ля Дома Краду, дзе «прапаноўвалі прайсці» ў аўтазак. Мядзведзь быў сярод тых людзей, якіх яны акружылі. Ён пайшоў сам.

Мядзведзь пытаецца, на якім канкрэтным месцы яго затрымалі. Сведка сказаў, што масу людзей затрымалі да Дома Урада. Больш канкрэтна не казаў.

Допыт сведак скончыўся.

14:47

Апытаныя ўсе 15 спецназаўзаў. На гэтым допыт пацярпелых скончаны.

Зараз выклікаюць сведкаў Сведка Дударчык Алег 75 года нараджэння. працуе ў ГУВД Мінгарвыканкама. Ён і затрымаў Мядзведзя на плошчы.

Ён кажа, пра вялікае скапленне людзей, якія кіраваліся на плошчу Незалежнасці, па радыё даведаліся пра тое, што адбываецца ля дому ўраду. Як і з пацярпелымі, сведку нецэнзурна лаялі. Білі рукамі-нагамі па шчытах, гумовымі палкамі (якія адбіралі ў міліцыянтаў), была каманда высунуцца да універсітэта Танка.

Кажа, што Мядзведзь быў у ліку актыўных удзельнікаў акцыі, якія рухаліся ад Дома Урада. Пры затрыманні не праяўляў супраціву, але выкрыкваў лозунгі антыдзяржаўнага характару, фізічнага супраціву не было.

Пра канкрэтныя дзеянні на плошчы — не ведае. Апісвае адзенне Мядзведзя. Абвінавачаны пытаецца «Вы пішыце, што мяне затрымлівалі, я бы ў у цёмным швэдары, доўгай дублёнцы і з барадой. Дублёнка была кароткая, а швэдар светлы." Сведка кажа, што не крычаў лозунгі. Мядзведзь пытаецца, з кім ён ішоў, Сведка не можа ўспомніць.

Лозунгі выкрыкваў «Жыве Беларусь!» «Ухадзі». Адвакат удакладніў, што «Жыве Беларусь» не антыдзярж. лозунг. Мядзведзь кажа, што ніколі не бачыў сведку.

Сведка паводзіць сябе досыць агрэсіўна.

14:43

Пацярпелы Комар 1970 г.н. Бачыў, як натоўп пачынае агрэсіўна рэагаваць. Падчас папытак прарыву яго ўдарылі сзаду ў цемя, сцянуўшы напалову шлем.

Мядзведзя не бачыў.

14:31

Пацярпелы Дзмітры Скараход 75 г.н.

Паказанні амаль супадаюць — пра падзеі на плошчы ведаў з радыёэфіра, пасля каманда выдвінуцца на вул. Герцэна. Пачаўся пагром — білі шкло ў Доме Урада

«Натоўп імкнуўся прарваць наш ланцуг, фізічнае ўздзеянне — хуткім крокам хацелі разарваць наш ланцуг, выказвалі намер прайсці да Дома Урада. Мяне выцягнулі за адзенне, сарвалі каску і нанеслі некалькі ўдараў па галаве. У нас кідалі снег, лёд, бутэлькі пластыкавыя і нейкае смецце»

Пацярпелы Кудравец 79 года нараджэння. Адразу сказаў, што бачыць Мядзведзя ўпершыню

Просіць зачытаць свае паказанні — каб узгадаць, таму што пісаў даўно (18 лютага), і так адразу не можа ўспомніць. Пракурор просіць рассказаць спачатку тое, што пацярпелы памятае і так.

Рассказвае ён тое самае што і астатнія — нецэнзурная брань, хапалі за форменнае адзенне. ЯГо білі палкамі і жалезным прутом. Пасля звярнуўся ў шпіталь МВД, дзе яму калолі ўколы. Хто нанёс яму ўдар — не памятае.

Яшчэ раз паўтарае, што Мядзведзя ніколі раней не бачыў.

Пацярпелы Зінкевіч 75 г.н.

Кажа, што ў яго кідалі лёд, драўляныя чаранкі, узгадаў чалавека ў міліцэйскай форме, па апісанні сітуацыі мае на ўвазе Класкоўскага. Ізноў узгадваецца вогнетушыцель. Адчуў сябе дрэнна, пайшоў у машыну «хуткай» якая стаяла побач, атрымаў першую дапамогу.

Дзеянні Мядзведзя апісаць не можа.

14:11

Суддзя прыйшла, працэс аднаўляецца.

Пацярпелы Булавацкі 1984 года нараджэння.

«З 14 00 мы дзяжурылі за Палацам Рэcпублікі. Што адбывалася на плошчы — не ведаю, знаходзіліся ў транспарце. Навіны атрымлівалі па радыё — ведалі, што на плошчы былі людзі з „актыўнымі“ паводзінамі».

На плошчы Незалежнасці ланцугом двінуліся ад Касцёла да Дому Урада. Натоўп быў агрэсіўна настроены, у нас ляцелі пластыкавыя бутэлькі, нас імкнуліся паваліць. Білі ў шчыты, рукамі, нагамі. Наша задача была выйсці да цэнтральнага ўваходу ў Дом Урада.

«Пасля быў загад рассякаць натоўп на дзве часткі, узялі ў кола і агрэсараў пагрузілі ў аўтазакі. Пры супраціве з мяне садралі шлем, наносілі ўдары кулакамі».

Чалавека, які наносіў удары не запомніў. але асобных «агрэсіўных» — так.

14:11

З’явіліся апошнія пяць пацярпелых. Гэта тыя ж самыя людзі, што давалі паказанні на працэсе Брэўса і Гапонава

Суддзя не просіць у пацярпелых пашпарты і не пытаецца пра адукацыю.

*** 13:26

Перапынак да 14:00.

13:12

Судовае пасяджэнне працягваецца, адмова ад пазову прынятая. З’явіўся яшчэ адзін пацярпелы. Падпалкоўнік Ігар Бажок 1982 года нараджэння.

19 снежня ён быў спачатку на Кастрычніцкай, пасля на плошчы Незалежнасці, дзе «пачаў праходзіць несанкцыянаваны мітынг».

Паводле яго словаў, што адбываецца на плошчы, ён не ведаў, бо знаходзіўся у службовым транспарце.

«На плошчы ўбачыў вялікае скапленне людзей, якія крычалі кшталту „Сыходзьце!“, але дакладна не скажу».

Ён кажа, што людзі імкнуліся адабраць шчыты, білі рукамі і нагамі. Сам Бажок атрымаў па спіне невядомым прадметам. З прадметаў у руках не бачыў нічога. Кажа, што ў яго моцна балела спіна.

Яго вусныя паказанні супярэчаць пісьмовым. У пісьмовых паказаннях зазначаецца, што з’явіліся бутэлькі, што ляцелі ў міліцыянтаў, нецэнзурныя выкрыкі, а таксама палкі (некаторыя — жалезныя).

Адвакат пытаецца наконт пацярпелага.

«Нічога дрэннага ён мне не зрабіў, ніколі яго не бачыў, але разглядзець твару было немагчыма»

12:25

Пацярпелыя сыходзяць. Дапрашваюць прадстаўніка грамадскага абвінавачвання Лепеша. Ён кажа, што нанесены урон — разбітыя вокны, пашкоджаныя дзверы. Агульная сума — 14 млн 48 тыс 150 рублёў. 21 лютага было ўнесенае адшкадаванне, яно цалкам пагашанае. Таму грамадскае абвінавачванне адмаўляецца ад кампенсацыі.

12:20

Наступны пацярпелы — Далідовіч. 1975 года нараджэння, камузвода УУС Мінскага аблвыканкама. Некалькі гадзінаў быў у транспарце на Кастрычніцкай плошчы. Прыкладна, а 22:30 (калі іх перавялі на Незалежнасці) была каманда рушыць да Дома ўрада, бо натоўп збівае міліцыянтаў і б’е вокны. Пачулі крыкі. Што крычалі, канкрэтна не змог сказаць.

Зазначае, што ля Дома ўрада першая рэакцыя была такая: людзі былі вельмі агрэсіўна настроеныя, бо выкрыквалі у наш адрас усялякія лозунгі. Сарвалі ў аднаго з галавы шлем і пачалі збіваць, мы выцягнулі назад. «Сляпілі ўспышкамі камер».

Далідовіч кажа, «Такое пачуццё было, што людзі прыйшлі каб учыніць побоішча, там былі не дзеці і падросткі, а здаровыя мужыкі, выкрыквалі „Вас бы ў Чачню“. Я лічу, што гэта было падрыхтавана загадзя, спецыяльна».

Разбілі галаву, пасля таго як быў абліты пенай. Сродкаў для падпалу не бачыў. У асноўным карысталіся вудачкамі.

Пытанне адваката. Ці можаце назваць канкрэтныя дзеянні абвінавачаннага

Не ведаю.

Пытанне пракурора: людзі былі без прадметаў у руках, ці былі якія-небудзь дзеянні?

Адказ: «Яны ўзяліся за рукі і вельмі дружна пайшлі на нас. Рукі былі занятыя, але ў іх былі вудачкі і яны наносілі імі вельмі моцныя удары. Пры гэтым трымаліся за рукі»

Як такое магчыма, растлумачыць не можа, кажа, што не ведае. Іх сляпілі камерамі — ён не мог нічога ўбачыць.

11:55

З’явіліся яшчэ тры пацярпелыя.

Пацярпелы Волкаў 82 года нараджэнняя. Міліцыянер у палку спецыяльнага прызначэння.

Пад 18-й гадзіны дыслакаваліся на Кастрычніцкай плошчы, пасля перамясціліся на вуліцу Савецкую.

Кажа: «Мы пашыхтаваліся ў ланцуг і рушылі у бок да Дома ўрада, назіралі, як людзі падышлі да ганка, чулі грукат, крыкі людзеі і звон шкла».

Мы выцяснялі людзей ад ганка, на 10 метраў. Там і спыніліся. Сутыкнуліся з актыўным супрацівам: дэманстранты білі іх палкамі, у пэўны момант падчас адцяснення дэманстранты спыніліся. Была каманда — вярнуцца ў транспарт, і мы ў тым жа парадку пакінулі плошчу.

Колькасць палак пацярпелы не запомніў. Кажа, што таксама наносіліся ўдары рукамі і нагамі. Сам ён атрымаў удар па шлеме.

* * *

Першы — Кашталанаў 1969 года нараджэння. Ён намеснік камандзіра атрада, з якога ўсе пацярпелыя, у залу суда прыйшоў у форме.

Ён расказвае, што прыбылі на плошчу з боку вул. Савецкай. Грамадзяне білі шкло, паступіла каманда адцясніць. Мы адцяснілі іх. Ля галоўнага ўваходу яшчэ працягвалі біць вокны.

Кашталанаў кажа, што натоўп быў агрэсіўны, імкнуліся з ланцуга выцягнуць супрацоўнікаў, не давалі калонне рухацца. Калі мы адцяснілі, сталі ў шарэнгу — нас імкнуліся «прарваць», бо нас было няшмат. Тады яны выкарысталі агнягаснік.

Кажа, што, калі адцяснялі людзей ад Дома ўрада, ён атрымаў удар у пярэднюю частку сцягна. У аднаго з супрацоўнікаў вырвалі шчыт. «Як толькі мы зрабілі калідор і сталі перад натоўпам, яны ўбачылі, што нас мала, і імкнуліся прарваць нас. Нашыя супрацоўнікі сталі біць палкамі па шчытах».

Адвакат пытаецца, ці можа пацярпелы сказаць штосьці пра Мядзведзя. «Нічога не бачыў».

* * *

11:51

Пацярпелы Галавач, 1981 года нараджэння.

Разам з шарэнгай знаходзіўся ля помніка Леніна. Кажа, што супрацоўнікаў міліцыі правакавалі, крычалі матам, выкрыквалі нецэнзурныя лозунгі. Сілавога ўздзеяння не бачыў. Бачыў як людзі выскоквалі, бачыў палкі цёмныя (металічныя) і светлыя (невядома якія), разыходзіцца людзі не хацелі. Атрымаў удар па галаве. Не бачыў, каб міліцыянты збівалі дэманстрантаў.

11:32

Наступны пацярпелы. Пералейка, 1982 года нараджэння.

«Мы находзіліся ў транспарце на вул. Герцэна. Паўстанцы грамілі дзверы і вітрыны, і нам далі каманду адцясніць натоўп. Два маладыя чалавекі супрацьстаялі нашаму прасоўванню. Атрымаў удар, трапіў у натоўп, адкуль выцягнулі калегі». Калі пашыхтаваліся ў ланцуг, білі нас «шчытамі па нагам», пасля наступіла зацішша.

«У гэты час кампанія чалавек з шасці скандзіравала „Бей ментов“ і нецэнзурныя выкрыкі, паказвалі нам сярэднія пальцы. У кагосьці справа я бачыў дрэўка. Пасля пайшла другая хваля — актыўны супраціў, наносілі удары па шлему і па нагах. Адцяснілі мы на 10 метраў гэтых грамадзян, і ў гэты момант мужчына з агнягаснікам распыліў пену нам у вочы. Пасля мы рушылі ў бок да Педуніверсітэта, там ніякага супраціву не было». Пералейка кажа, што ніякай зброі, апроч агнягасніка, ён не бачыў.

Таксама выявіліся разыходжанні з пісьмовымі паказаннямі ад 18 лютага.

Паводле пісьмовых паказанняў пацярпелы бачыў, як у міліцыю кідалі арматуру, цяпер кажа, што проста забыўся пра яе — а яна была. Як і драўляныя палкі, якія выкарыстоўваў натоўп супраць супрацоўнікаў УВД — цяпер ён кажа, што палак не бачыў.

* * *

11:21

Пацярпелы спецназавец Масальскі 1987 года нараджэння.

Кажа, што высунуліся адразу, каб адсеяць натоўп ад Дома ўрада і адцясніць людзей.

«Далей мы занялі сваё месца ў шэрагах, з першых шэрагаў уцякалі людзі, наносілі удары вудачкамі, нагамі, выдзёргвалі з шарэнгі міліцыянтаў. Атрымаў удар па шлему ад мужчыны сярэдняга (ці пажылога) узросту, апісаць не можа. Колькі было ўдараў па шлеме, не памятае».

Зазначае, што палова народу ўслухалася ў патрабаванне разысціся, але іншыя — выкрыквалі лозунгі і махалі сцягамі. Да Дома ўрада рушыла больш агрэсіўная частка натоўпу.

«Адзін з калег быў абліты пенай агнягасніка, але пагромаў і падпалаў не бачыў».

Цікава, што паводле пісьмовых паказанняў Масальскі добра разгледзеў, чалавека, які на яго напаў. З апісаннем колераў кожнага прадмету гардэробу. У пісьмовых паказаннях, чалавек, які напаў, 23–27 гадовага ўзросту.

***

11:11

Пацярпелы Лявіцкі кажа, што прыйшлі на плошчу, адправіліся да Дома ўрада. Наша рота выстраілася ля помніка. Натоўп быў і за намі і перад намі. Людзі імкнуліся выйсці. «Сілавыя меры натоўп не выкарыстоўваў. Яны лаялі нас „фашысты“, але мы не звярталі на гэта ўвагу.

Былі чутны крыкі — ніякіх канкрэтных дзеянняў. Калі за намі апынуўся натоўп, мы іх сажалі ў спецтранспарт. Меня ўдарылі пад шчыт. Адчуў боль у лакце».

паводле пісьмовых паказанняў, пацярпелага збілі нагамі. Супярэчнасцей пацярпелы не бачыць. У вусных паказаннях ён казаў, што атрымаў тыя ж пашкоджанні выпадкова — нехта паваліўся і трапіў яму пад шчыт. Людзі пыталіся выйсці з «калідора». Гэта было ў той момант, калі людзей саджалі ў спецтранспарт.

10:49

Пачынаецца допыт пацярпелых. Аляксей Сакач, 1983 года нараджэння, міліцыянер Палка міліцыі спецыяльнага прызначэння. Кажа, што з абвінававачаным не знаёмы. Ён распавядае: «Мы сталі ў ланцуг перад Домам урада, а 22:30. Там было чутно, як паўстанцы білі шкло на ўваходзе. Праз некаторы час людзі хлынулі на нас з ударамі па шчытах. Мы бачым натоўп агрэсіўна настроеных людзей (яны крычалі). Мы іх адсеклі ад ганку Дома ўрада, натоўп знаходзіўся перад намі».

Кажа, што нічога не бачыў — шлем запацеў, на яго пасыпаліся ўдары. Чым і як білі сказаць не можа. Нікога з тых, хто наносіў удары, не запомніў. Кажа, што сам не бачыў, але калегі казалі, што былі жалезныя пруты, ледарубы.

Пачынае задаваць пытанні адвакат.

Пачынаецца допыт наступнага пацярпелага — сп. Палаўчынін 1983 года нараджэння. Ён кажа, што 19 снежня працаваў на Плошчы ў цывільнай форме. На пытанне, што адбывалася на Плошчы, кажа «Людзі крычалі лозунгі», але якія канкрэтна, удакладніць не можа.

Кажа, што стаяў з партатыўнай радыёстанцыяй. Яму, у натоўпе, быў нанесены ўдар сзаду. Абярнуўся — убачыў чалавека, які ўцякаў.

Паколькі пры паказаннях пацярпелага з’явіліся супярэчнасці, суддзя зачытвае ягоныя пісьмовыя паказанні.

Паказанні ў пісьмовым выглядзе вельмі падрабязныя з апісаннем падзей на плошчы. У паказаннях пазначана, што ён затрымліваў мітынгоўцаў, але цяпер Палаўчынін кажа, што не затрымліваў. Настойвае на тым, што пісьмовыя паказанні — правільныя, хаця напісаў іх 18 лютага, і праз месяц паспеў забыць, што бачыў. Так, паводле пісьмовых паказанняў, ён падрабязна апісвае агрэсіўныя дзеянні натоўпу, вусна — узгадваюцца толькі лозунгі.

10:33

Пракурор пытаецца, ці прадпрымаў Мядзведзь актыўныя дзеянні супраць міліцыянтаў, ці прарываў ачапленне. Мядзведзь кажа, што толькі абараняў галаву. Што рабілі астатнія — не бачыў, бо закрываў рукамі твар, падчас затрымання таксама не аказваў супраціву.

Цяпер Мядзведзя апытвае адвакат. Мядзведзь кажа, што не бачыў пагромаў і падпалаў, як білася школо, не прысутнічаў.

10:28

Мядзведзь кажа, што выштурхнулі перад шчытамі міліцыі, яго білі дубінкамі, ён закрываўся рукамі, але ззаду напіралі, і ён ён не мог сысці, у нейкую хвіліну спатыкнуўся і паваліўся. Кажа, што абараняўся — гэта закрываў твар ад дубінак. Кажа, што адцягнулі, потым яго знайшоў сын — і яны вырашылі з’ехаць, але ля помніка ўжо з’явілася міліцыя. Выхаду не было, вярнуліся на лесвіцу ля Дома ўрада.

Іх пагрузілі ў машыну і звезлі.

10:26

«Я гляджу, што няма шкла ў дзвярах, вокнах — і тут я заўважыў, што перад фасадам стаялі хлопцы са шчытамі. Супрацоўнікі міліцыі проста стаялі, выскоквае з лініі хлопец і падае, і я вырашыў пайсці яго падняць. Пачаў дапамагаць, людзі пайшлі на мяне. Я не зразумеў, што адбылося, як мяне падхапіў натоўп і пацягнуў наперад.

10:21

Кажа, што сустрэў сына на прыпынку, потым убачыў людзей на плошчы — сын сказаў, што ягоныя сябры адышлі (бо не дачакаліся Мядзведзя) паглядзець на дэманстрацыю, зараз павінны вярнуцца. Мядзведзь прапанаваў пайсці забраць сяброў сына, якія абяцалі стаяць ля помніка. Падыйшлі да помніка, але не змаглі датэлефанавацца да сяброў. Што адбывалася ля помніка, ён не бачыў, бо нізкарослы. Усе падняліся па лесвіцы справа ад помніка, «усе зрушыліся наперад».

10:19

Дзмітры Мядзведзь сведчыць, што дамовіўся сустрэцца са знаёмым, прозвішча якога не ведае — для гэтага сустрэўся з ім ля вакзала каля 22-й гадзіны. Потым збіраўся каля прыпынку ля універсітэта сустрэць дзяцей і паехаць разам з імі дахаты.

10:16

Пачынаецца допыт абвіначаванага.

10:12

Прыйшла суддзя Рудніцкая — працэс пачынаецца. на першай лава гэтым разам сядзяць людзі — гэта пацярпелыя. Іх шэсць чалавек.

Калі суддзя запрасіла іх падняцца, па зале пракаціўся смех — суддзя заклікае да парадку.

9:50.

Запусцілі ў зал журналістаў, спачатку фота- і відэааператараў. Зала, у адрозненне ад мінулага разу, цалкам запоўненая.

Радасць і гонар. На волі. Фота радыё Свабода.

Радасць і гонар. На волі. Фота радыё Свабода.

Працэс над Дзмітрыем Мядзведзем пачаўся 1 сакавіка, але быў перанесены па просьбе адваката ў сувязі з перапрад’яўленнем абвінавачвання.

Паводле ўдакладненай версіі абвінавачвання,

Мядзведзь нібыта аказваў ўзброены супраціў супрацоўнікам міліцыі.

Працэс вядзе суддзя Алена Рудніцкая, адвакат — Сяргей Лепеш, пракурор — Мазоўка.

***

Дзмітрыю Мядзведзю — 51 год. Да ўзяцця пад варту ён працаваў дырэктарам адной з будаўнічых фірм.

На Плошчы 19 снежня 2010 года быў разам са старэйшым сынам. Быў затрыманы, адбыў адміністрацыйны арышт, быў арыштаваны паўторна і адпраўлены ў СІЗА на Валадарскага.

На волі ў Змітра застаецца жонка (другі шлюб) Таццяна, гадавалае дзіця і старэнькая маці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?