Яго не стала 10 сакавіка.

15 студзеня пісьменнік адзначыў 75-годдзе.

Янка Сіпакоў нарадзіўся ў вёсцы Зубрэвічы Аршанскага раёна. Скончыў аддзяленне журналістыкі філфака БДУ.

Першы верш надрукаваў у 1953 годзе ў аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў». Аўтар паэтычных зборнікаў «Сонечны дождж», «З вясны ў лета», «У поўдзень, да вады», кніг прозы «Крыло цішыні», «Жанчына сярод мужчын», «Журба ў стылі рэтра». Перакладаў на беларускую паэзію У.Уітмена, Хо Шы Міна, Ф.Прэшарна, Р.Гамзатава, Д.Паўлычкі.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР за кнігу паэзіі «Веча славянскіх балад».

Янка Сіпакоў

Сяўба
(Беларуская балада. XX стагоддзе)

На папялішчы, на пачарнелым
Яна сядзела — жанчына ў белым;
На чорнай пляме відна здалёку,
Нібы цяпельца ў халодным змроку,
Ля галавешак — былога ганка —
Сядзела ў одуме партызанка.
А навакола вясна буяла,
Трава пад попелам бушавала,
Трава рассоўвала ўбок вуголле —
Жыццё ірвалася зноў на волю.
I ўжо фашыстаў — нідзе, нікога,
Ідзе, вяселіцца перамога,
I ёю пахне усё на свеце:
Лісцё і неба, зямля і вецер,
I папялішча, дзе каля ганка
Сядзіць у одуме партызанка.
А на каленях — дзіцячай жменькай —
Ляжыць вузельчык, такі маленькі,
Сабралі крошак цэлую жменю,
Ды толькі позна — дзяўчо згарэла...
Таму сягоння на пачарнелым
На папялішчы вясновым ранкам
Сядзіць самотная партызанка...
А з вузялочка, што у прыполе,
Зярняты прагнуць упасці долу —
Як цягне, цягне іх да зямліцы,
Каб абудзіцца, праз дзёрн прабіцца!
Вось партызанка ўзнімае вочы,
Яна развязвае вузялочак,
Нібы пупышка — набухлы гэткі...
— Ўзыходзьце, кветкі, буяйце, кветкі!
He асыпайцеся вы ніколі —
Перамажыце той чорны колер,
Які зялёным, вясновым ранкам
Сустрэў няветліва партызанку.
А калі можаце — хоць бы трошкі! —
I вы ўзыдзіце, хлебныя крошкі.
Як будзе голад — і ўдзень і ўночы
Хай лазяць дзеці у мой гародчык!
Яшчэ прашу я — ўзыходзь, табака!
Я зацягнуся табой са смакам,
Бо я прывыкла курыць задужа —
Куру за сына, куру за мужа...
I толькі порах — мой даўні вораг,
He узыходзь, не дамешвай гора!
Звяжыце моцна яго, карэнні, —
Хай задыхнецца ў зямных скляпеннях...
На папялішчы на пачарнелым
Яна хадзіла — жанчына ў белым...
На чорнай пляме відна здалёку,
Нібы цяпельца ў халодным змроку.
Ля галавешак — былога ганка —
Кветкі сеяла партызанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?