10.03.2011 / 16:20

Удзельнічаў у выбарах? Звольніць «па згодзе бакоў» 2

Былога супрацоўніка крымінальнага вышуку, актывіста каманды Міхалевіча, змусілі звольніцца з працы.

Ніхто не забыты і нішто не забытае. Мяркуючы па ўсім, найбліжэйшыя паўгода ўлада будзе помсціць усім, хто выйшаў на плошчу 19 снежня.

Супрацоўнік крымінальнага вышуку, пенсіянер МУС Уладзімір Юрчанка звольнены з ТАА «Еўраопт» у пачатку студзеня 2011. Афіцыйны матыў — «па згодзе бакоў»: ну не задавальняе «Еўраопт» такі ахоўнік, як Уладзімір Юрчанка. Аднак сапраўдная прычына звальнення — палітычная дзейнасць пенсіянера МУС, які працаваў падчас апошняй кампаніі ў камандзе Алеся Міхалевіча.

«Да нас звярнуўся былы супрацоўнік крымінальнага вышуку, пенсіянер МУС Уладзімір Васільевіч Юрчанка. Яго мы ведаем даўно, бо ён браў актыўны ўдзел у розных выбарчых кампаніях. У прэзідэнцкай кампаніі ён удзельнічаў у выбарчым штабе кандыдата ў прэзідэнты А. Міхалевіча. Пасля заканчэння выбарчай кампаніі ў пачатку студзеня 2011 года начальнік упраўлення аховы ТАА „Еўрагандаль“ Макарэвіч В.І. прапанаваў Юрчанку У.В. (дзе ён працуе ахоўнікам у краме ТАА „Еўраопт“ Магілёва) звольніцца добраахвотна па згодзе бакоў, бо ён іх не задавальняе як працаўнік. Аднак галоўная прычына, з якой ад Юрчанкі хацелі пазбавіцца, з’яўляецца якраз яго палітычная дзейнасць», — кажа кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву"Алег Волчак.

Уладзімір Юрчанка не пагадзіўся добраахвотна звольніцца, нягледзячы на тое, што яму намякнулі, што ў любым выпадку яны (кіраўніцтва прадпрыемства) знойдуць прычыны, каб звольніць пенсіянера МУС з воўчым білетам.
Атрымаўшы адмову, 2 лютага начальнік аддзела аховы аб’екта «Еўрагандаль» Магілёва і Магілёўскай вобласці Аланазараў А.М. зноў прапанаваў У. Юрчанку два варыянты звальнення. Першы — мірны: дапрацаваць люты і ў пачатку сакавіка звольніцца па згодзе бакоў. Другі варыянт: найменшая правіна — вымова і звальненне да канца месяца за парушэнне дысцыпліны.

Доўга чакаць не давялося. Ужо 10 лютага А. Аланазараў абвяшчае У. Юрчанку дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе вымовы. Аланазараў не хаваў, што хутка будзе і другая вымова. У. Юрчанка абскардзіў першае дысцыплінарнае спагнанне ў камісію па працоўных спрэчках ТАА «Еўрагандаль» і інспекцыю аховы працы Магілёва.

З 10 лютага Аланазараў загадаў У. Юрчанку пастаянна знаходзіцца на зале крамы на нагах па 14 гадзін.
Гэта рабілася для таго, каб ён не змог адпрацаваць наступную змену або зрабіў адступленне. Раней адзін ахоўнік вёў відэаназіранне 2 гадзіны на маніторы, а другі ў гэты час знаходзіўся ў зале. Потым яны мяняліся.

Дарэчы, яшчэ 29 студзеня У. Юрчанка паведаміў дырэктару ТАА «Еўрагандаль» А. Зубкову, што кіраўніцтва аховы ТАА «Еўрагандаль» зладзіла ў дачыненні да яго сапраўднае цкаванне, прымушаючы звольніцца. Але адказу не атрымаў да гэтага часу.

— Цягам двух месяцаў я звяртаўся да кіраўніцтва ТАА «Еўрагандаль» з заявамі і скаргамі да дырэктара Зубкова А. і намесніка дырэктара Высоцкага А., што ў дачыненні да мяне праводзіцца цкаванне з мэтай звальнення, шукаюцца адступленні, выносяцца дысцыплінарныя спагнанні, якія з’яўляюцца неабгрунтаванымі. Скаргі і заявы былі перададзеныя для праверкі тым, хто непасрэдна выцясняў мяне з працы. Гэта начальнік упраўлення аховы Макарэвіч В.І., начальнік аховы рэгіёну Каштуніус, начальнік аховы аб’ектаў «Еўрагандаль» па Магілёве і Магілёўскай вобласці Аланазараў А. М. Апошнія адмовілі мне ў працы як непрафесійнаму, некампетэнтнаму работніку з наступнай атэстацыяй. У выніку з 2 сакавіка 2011 г. я беспрацоўны. На дзеянні службовых асобаў я падаў скаргі ў пракуратуру, упраўленне дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы. Накіраваў матэрыялы ў суд, — расказаў Уладзімір Юрчанка.

У выніку Уладзіміра Юрчанку даціснулі — ён напісаў заяву «па згодзе бакоў».

— Мне было адназначна заяўлена: не звальняешся сам — звальняем па артыкуле. А гэта азначае, што працы я сабе не знайду. Таму я ў выніку вырашыў напісаць заяву. Бо, па сутнасці, мяне ціснулі на працягу трох месяцаў — вымовамі, выстаўлялі на 14 гадзін на залу. Мне адкрыта сказалі: мы пра цябе ўсё ведаем, мы сочым за табой. Справа ў тым, што падчас выбарчай кампаніі я быў каардынатарам выбарчага штаба Алеся Міхалевіча на Магілёўшчыне, мы сабралі каля 28 тысяч подпісаў па вобласці, — падзяліўся з «Беларускім партызанам» Уладзімір Юрчанка.

Праваабаронца Алег Волчак лічыць, што гэта непасрэдная расправа над У. Юрчанкам за ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі.

«Я ведаю, што ўжо ёсць каля дзясятка зваротаў ад работнікаў, з якімі не падоўжылі кантракты або вымусілі звольніцца па згодзе бакоў.
Асабліва супраць тых грамадзян, хто выйшаў на мірны мітынг 19 снежня 2010. Адзін з самых яркіх прыкладаў — непадаўжэнне кантракту з настаўніцай Талькаўскай школы Наталляй Ільініч. Ведаеце, ёсць яшчэ шмат такіх фактаў, але людзі не хочуць агалоскі, бо жыццё працягваецца, і трэба ўладкоўвацца на новую працу, а калі пачнеш судзіцца, то наўрад ці потым будзе лёгка знайсці працу не толькі ў сельскай мясцовасці, але і ў буйных гарадах. Памятайце, што ўлады вырашылі праверыць усіх грамадзян, хто быў на плошчы. Дык вось,
я ўпэўнены, што ў наступныя паўгода будзе зачыстка такіх грамадзян. Улада будзе помсціць тым, хто выйшаў на плошчу або браў актыўны ўдзел на баку дэмакратычных сілаў.
Так што, на жаль, Юрчанка, Ільініч не апошнія, хто страціць працу», — заявіў Алег Волчак.

0
Алина / Адказаць
10.03.2011 / 18:55
У нас в Могилёве один пенсионер долго, яро и активно высказывал другому пенсионеру по телефону своё мнение о политике нашего государства. В итоге пенсионеру пришло письмо об административном взыскании в виде штрафа за неуважительное отношение......суть в общем такова)))события, между прочим, 2011 года
0
wolny / Адказаць
10.03.2011 / 19:26
У меня была похожая ситуация. Записал все высказывания начальника на диктофон, послал его на три буквы, доработал до конца договора и благополучно уволился.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру