«Стоп-бензін — 2» — новая акцыя
Аргкамітэт руху «За Аўто» 11 сакавіка даў старт чарговай акцыі супраць павышэння цэнаў на паліва.
Аргкамітэт руху «За Аўто» 11 сакавіка даў старт чарговай акцыі супраць павышэння цэнаў на паліва — «Стоп-бензін — 2».
Пра гэта паведаміў старшыня аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб’яднання «За Аўто» Арцём Шаркоў.
«Акцыя бестэрміновая, пакуль ніякіх часавых абмежаванняў мы не ставім», — сказаў ён.
Ініцыятары акцыі «Стоп-бензін — 2» у першы дзень сабралі 30 подпісаў пад зваротам, які сёння будзе накіраваны ў шэраг дзяржаўных структур.
«Людзі выказалі незадаволенасць у сувязі з падвышэннем адпускных цэнаў на паліва, — паведаміў старшыня аргкамітэта, — таму мы вырашылі пачаць другую акцыю „Стоп-бензін“. Сёння мы падрыхтавалі зварот у „Белнафтахім“, Адміністрацыю прэзідэнта і Савет міністраў, у якім абгрунтоўваем немэтазгоднасць гэтага падвышэння і патрабуем зніжэння цэнаў на паліва, прадстаўлення нам калькуляцыі фармавання цэнаў і патрабуем пазбавіць „Белнафтахім“ манапольнага права на рэгуляванне цэнаў».
Лідар «За Аўто» выказаў надзею, што зварот прыцягне ўвагу дзяржаўных органаў і «Белнафтахіма» і падштурхне іх да дыялогу. У адваротным выпадку, сказаў ён, акцыя «Стоп-бензін — 2» будзе праводзіцца «больш актыўна і ярка, набудзе новы фармат».
Шаркоў адзначыў, што «патрабаванні носяць, магчыма, завышаны характар», аднак «калі не прасіць па максімуме, то не атрымаем нічога». Паводле яго словаў, «пэўную эфектыўнасць» першай акцыі «Стоп-бензін», якая адбылася ў пачатку чэрвеня 2010 года, даказвае той факт, што дзевяць месяцаў цэны на паліва не падвышаліся.
БелаПАН
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ