Я ўжо апісваў як АК вызваліла вязняў з пінскай і лідскай турмаў. На пачатку 1943 года пасля масавых арыштаў сяброў дыверсійнай структуры «Вахляж», якія ўтрымліваліся ў турме (сёння яе называюць «Валадарка») было прынята рашэнне аб правядзенні падобнай аперацыі ў ў Мінску.

Арышты сяброў «4 (мінскага) адрэзка» дыверсійнай арганізацыі «Вахляж», пачаліся ўвосень 1942 года. Выпадкова немцы затрымалі дыверсійную групу, якая рыхтавалася да падрыву чыгункі ў ваколіцах Ратамкі. Камандзір дыверсійнай групы — псеўданім «Драўнікоўскі» — у гестапа досыць хутка зламаўся і пачаў зліваць немцам інфармацыю…

А ведаў ён шмат.

Таму хутка

ў гестапа аказалася больш за 70 падпольшчыкаў у тым ліку і «ціхацёмныя» дыверсанты, якія прайшлі дыверсійны курс у Англіі.

Дзякуючы «Драўнікоўскаму» немцы ведалі, што за птушкі патрапілі ў іхныя рукі. Дый англійская міны, знойдзеныя падчас ператрусаў, не пакідалі сумнення: удалося затрымаць сур’ёзную вайсковую арганізацыю.

Спецыялісты па брутальных допытах выкарыставалі ўвесь жудасны арсенал катаванняў. Кіраваў допытамі высокі чын, адмыслова прысланы з Берліна. Адзін з дыверсантаў, які баяўся, што не вытрымае катаванняў, калі яго павезлі ў мінскае СД, папрасіўшыся ў туалет, прыняў атруту.

Астатнія маўчалі.

Тым часам на волі іх сябры шукалі магчымасці дапамагчы арыштаваным. АК удалося завербаваць аднаго з ахоўнікаў «Валадаркі», чалавека па прозвішчу Мілашэўскі. Яму даюць псеўданім «Чорны». Дзякуючы «Чорнаму», удаецца наладзіць сувязь з арыштаванымі АКаўцамі.

Такім чынам

падполле атрымоўвае інфармацыю аб стане ведаў немцаў пра арганізацыю і ход следства.

Палонныя АКаўцы ўтрымліваліся ў камерах 84, 85 на трэцім паверсе і ў камеры 75 на другім паверсе.

Кіраўніцтва дыверсійнай арганізацыі «Вахляж» прымае рашэнне адбіць палонных. Толькі што была праведзена ўдалая аперацыя ў Пінску, што дадавала гэтым планам аптымізму. Гэтае рашэнне было ўхвалена галоўным кіраўніцтвам АК.

У Мінск з адмысловай місіяй былі скіраваны кіраўнік штаба «Вахляжа» маёр Стэфан Рыхтэр «Тумры» і ротмістр Ежы Сакалоўскі «Міра». Заданне — вызваленне вязняў «Валадаркі».

Разглядаліся дзве магчымасці:

1. Вывад арыштаваных з турмы завербаванымі ахоўнікамі.

2. Напад на турму, спалучаны з ударам «знутры» турмы.

Першы шлях, улічваючы колькасць вязняў і ступень кантролю ў турме, быў прызнаны нерэальным. АК прыступіла да рэалізацыі другога плану.
Для таго каб забяспечыць магчымасць удару «знутры» турмы арыштаваным АКаўцам праз «Чорнага» была перададзена зброя — пісталеты. Агульная колькасць — не менш за 5 штук.

Адначасова рыхтаваўся атручаны самагон, якім «Чорны» меўся пачаставаць ахоўнікаў, а цвярозых меўся забіць разам з вызваленымі дыверсантамі.

Але тут здарылася нечаканае. «Чорны» быў арыштаваны. Невядома, што сталася прычынай арышту, але ён нікога не выдаў. Немцы і надалей нічога не ведалі ні пра зброю, схаваную у камерах, ні пра запланаваны пабег. Каб аднавіць сувязь з арыштаванымі, маёр «Тумры» прыняў рашэнне спрабаваць завербаваць некага іншага з турэмнай аховы. Хутка, дзякуючы грошам, удалося спакусіць ахоўніка Івана Дзем’яновіча.

Сувязь з арыштаванымі АКаўцамі была наладжана.

Уцёкі былі прызначаны на вечар 6 лютага 1943 года. Але нічога здзейсніць АКаўцы так і не здолелі. Каля 16-й гадзіны гестапа атачыла дом № 7 у Другім Рыгораўскам завулку ў Мінску
(сёння такога завулка ў Мінску няма, але, магчыма, нехта здолее ўстанавіць, дзе знаходзіўся гэты дом)

Менавіта там былі «Тумры» і «Міра». Маёр праз вакно паспеў пабачыць немцаў і пачаў страляць. Завязаўся бой. АКаўцы забраліся на паддашак і адтуль больш за гадзіну адстрэльваліся.

Потым агонь сціх. Немцы, аднак, баяліся сунуцца і вырашылі закідаць дом гранатамі, а потым падпалілі.

У гэты самы час у «Валадарку» ўводзяць гестапа. Яны загадваюць вязням камер 75, 84 і 85 выйсці на калідор, аднак першых хто высунуўся (гэта не былі АКаўцы) пасёк агонь аўтаматаў. Больш ахвотных выйсці не знайшлося. Тады немцы закідваюць у камеры гранаты.
Параненых людзей адразу цягнуць на допыты і, катуючы, патрабуюць прызнацца, хто і якім чынам спрабаваў уцячы з турмы.

На допытах некаторых збіваюць да смерці, некаторых застрэльваюць… Так у гестапа загінулі падчас катаванняў камендант «4 адрэзка» «Вахляжа» маёр Тадэвуш Сакалоўскі і жаўнер Мірон Захерт-Акшаноўскі. Параненым не аказваецца ніякай медыцынскай дапамогі….

Немцы лютавалі.

Былі расстраляныя капітан Богдан Пянткоўскі, ротмістр Станіслаў Кашарскі, інжынер Юліян Кіселеўскі, інжынер Зыгмунд Цесля і шмат іншых. Загінуў, а паводле адно з версіяў быў расстраляны немцамі і здраднік «Драўнікоўскі». Тыя, хто выжыў (4 чалавекі) трапілі ў Асвенцым.

АК устанавіла, што выдаў падпольшчыкаў Іван Дзем’яновіч, ахоўнік з «Валадаркі». Ён узяў грошы ад падполля і пагадзіўся пасля заканчэння аперацыі разам з вязнямі ўцячы ў лес, але перадумаў і вырашыў здаць падпольшчыкаў немцам.
Яму адводзілася актыўная роля падчас вызвалення вязняў, ён ведаў шмат падрабязнасцяў плану і шмат удзельнікаў. Таму немцы здолелі забіць і кіраўніцтва і арыштаваць шэраг дыверсантаў.

«Вахляж» у Мінску перастаў існаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?