На беларуска-польскай мяжы сёння з раніцы затрыманы аўтамабіль, у якім ехаў гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў. На памежным пераходзе Бераставіца-Баброўнікі ў кірунку Польшчы беларускія памежнікі спярша доўга некуды бегалі і, відаць, раіліся з кіраўніцтвам, пасля чаго забралі ў Сазонава пашпарт. Легкавы аўтамабіль, у якім разам з ім знаходзяцца яшчэ дзве асобы, адставілі ў бок. Па ўсяму відаць мытнікамі будзе праведзены пільны дагляд.
Падчас прэзідэнцкіх выбараў Віктар Сазонаў ужо затрымліваўся на памежных пераходах. Усяго ж незаконна на мяжы ў лістападзе-снежні мінулага году такія праблемы мелі каля 10 грамадска-палітычных актывістаў і журналістаў Гарадзеншчыны. Пазней пераезд мяжы быў беспраблемны. І вось новае затрыманне, якое можа сведчыць пра тое, што на памежных пераходах з’явіліся новыя «чорныя спісы».
spring96.org
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ