«Напэўна, я непапраўны аптыміст, але, магчыма, з уцёкамі ад КДБ Алеся Міхалевіча астатніх вязняў перастануць катаваць»,
 — сказала «Свабодзе» сястра Андрэя Саннікава, адна з заснавальніц створанага ў Брытаніі грамадскага руху «Free Belarus Now» д-р Ірына Багданава. — «Не думаю, што гэта можа пашкодзіць тым зняволеным, якія засталіся ў камерах КДБ. У тых, хто цяпер сядзіць, не было нават мізэрнага шанцу на вызваленне пад падпіску. Можа, цяпер ім будзе нават крыху лепш. Будзем чакаць далейшага разгортвання падзей, думаю, яны будуць развівацца хутка».
Перакладзеныя на розныя мовы заявы Алеся Міхалевіча пра катаванні ў КДБ сведчаць пра беспрэцэдэнтныя ва ўмовах сучаснай Еўропы фізічныя і псіхічныя здзекі з чалавека.
Пра гэта заявілі «Свабодзе» эксперты па катаваннях, што практыкаваліся ў колішняй таемнай паліцыі ГДР. Даследчыкі «Stasibehoerde» (ведамства па вывучэнні злачынстваў колішняй усходненямецкай дзяржбяспекі), а таксама медыкі, дактары-псіхіятры, колішнія гэдээраўскія палітвязні лічаць, што такія эксперыменты беларускага КДБ непасрэдна пагражаюць здароўю чалавека.

Прынцып «Штазі» — неістотнай інфармацыі не бывае

Служба дзяржбяспекі ГДР, чыя галоўная турма месцілася ва ўсходненямецкім горадзе Баўтцэн, была створаная неўзабаве па заканчэнні Другой сусветнай вайны пры непасрэдным удзеле НКВД-МГБ СССР на вобраз і падабенства гэтага ведамства.

Дэвіз таемнай паліцыі гучаў як «Шчыт і меч партыі» (мелася на ўвазе Сацыялістычная адзіная партыя Нямеччыны). Галоўны прынцып — «неістотнай інфармацыі не бывае». У супрацоўнікаў «Штазі» былі свае гімны, дзе сустракаліся такія зусім не нямецкія словы, як «чэкісты», «Дзяржынскі». Напрыклад: «Таварыш Дзяржынскі, мы твае нашчадкі, гатовыя да канца змагацца з ворагам і памерці са светлую будучыню нашай краіны».

У моладзі «Штазі» быў свой гімн, сэнс якога зводзіўся да радкоў папулярнага некалі савецкага міліцэйскага шлягеру «Если кто-токое-где у нас порой». Апошні куплет спявалі па-расійску.

«Штазі» шчыльна кантралявала паводзіны грамадзянаў ГДР, каб загадзя перадухіляць любыя палітычна некарэктныя ўчынкі. Дапамагала ім у гэтым больш за 260 тысяч інфарматараў — «неафіцыйных супрацоўнікаў».

Усе тэлефоны ў ГДР праслухоўваліся, у гатэльных нумарах у абавязковым парадку ўсталёўваліся відэакамеры. Каб здабываць інфармацыю ў заходніх палітыкаў і бізнэсоўцаў, шырока выкарыстоўвалі прастытутак.

Колішнія катаванні ў ГДР нагадваюць цяперашнія методыкі КДБ

У дачыненні да дысідэнтаў, праваабаронцаў і г.д. «Штазі» ўжывала розныя катаванні.

Як сведчыць спецыяліст са «Stasibehoerde» д-р Табіяс Вуншык, турмы дзяржбяспекі былі заўсёды перапоўненыя, а са зняволеных здзекаваліся і праводзілі над імі медычныя эксперыменты. Багата дакументальных доказаў «Штазі» знішчыла, калі ў 1989 годзе разбурылі Берлінскі мур. З дапамогай сучаснай навукі, аднак, удалося знайсці спосаб, як аднавіць архівы. Знайшлася ў адным дакуменце і згадка пра маёра Пуціна, якому кіраўнік «Штазі» ў лютым 1988 года ўручыў бронзавы медаль «За службу ў Нацыянальным войску ГДР».

Паводле эксперта «Stasibehoerde» д-ра Табіяса Вуншыка, вядома, што ад сярэдзіны 1970-х вычварэнскія фізічныя катаванні спыніліся, а іх месца занялі розныя псіхалагічныя эксперыменты.

Як адзначае даследчык, тое, што засведчыў у сваіх нядаўніх заявах Алесь Міхалевіч, цалкам адпавядае колішняй гэдээраўскай практыцы: ад рознага кшталту пагроз, гульні ў добрага і злога следчага — да ўвесь час уключанага ў камеры святла ці патрабавання, каб рукі ляжалі паўзверх коўдры, — працягвае нямецкі эксперт.

«Праца» са зняволенымі таксама прадугледжвала розныя знявагі, пазбаўленне сну, ізаляцыю, падслухоўванне і дакучлівае назіранне. Карацей,

ужываліся ўсе магчымыя тэхнічныя, фізічныя і псіхалагічныя сродкі, каб зламаць волю чалавека.

«Пасля таго як вязень выходзіў на волю, выкарыстоўваліся ўсе сродкі, каб дыскрэдытаваць яго ў вачах апазіцыі», сведчыць д-р Вуншык.

Нават самыя «нявінныя» гульні спецслужбаў могуць мець сур’ёзныя наступствы для здароўя

Некаторыя нямецкія эксперты лічаць, што супрацоўнікі «Штазі» ўжывалі канцэрагеннае выпраменьванне і што

такім чынам былі забітыя тры вядомыя дысідэнты — пісьменнікі Юрген Фукс і Рудольф Баро і рок-гітарыст Герульф Панах, які граў у самай вядомай у ГДР групе «Клаўс Рэнфт Комба». Усе трое памерлі ад вельмі рэдкай формы раку.
Пасля падзення мура ў катоўнях знайшлі радыеактыўныя прылады.

«Нават самыя «нявінныя» гульні ў злых і добрых следчых не могуць не пакінуць адбітку на здароўі чалавека», — кажа вядомы берлінскі доктар-анколаг Крыстыян Копф, які, дарэчы, бываў у Мінску ў рамках гуманітарнага медычнага праекту. Крыстыян Копф паходзіць з дысідэнцкай гэдээраўскай сям’і. У турме «Штазі» сядзелі яго брат і бацька. Аднаму з іх спатрэбіліся гады на тое, каб аднавіць траўмаваную псіхіку. Пасля выхаду з турмы ён доўга баяўся людзей. Нават паход у суседнюю краму выклікаў жах, узгадвае д-р Копф.

«Гэта жудасна, што цяпер падобныя рэчы адбываюцца ў Беларусі, практычна ў цэнтры Еўропы», дзеліцца ўражаннямі са «Свабодай» берлінскі псіхіятр, у мінулым сам вязень «Штазі» д-рКарл-Хайнц Бомберг, азнаёміўшыся з заявамі Алеся Міхалевіча.

«Я маю на ўвазе захоўванне фізічных катаванняў, якія ў ГДР былі спыненыя ў 1970-х. Працягласць і цяжар такіх здзекаў у турме прыводзяць да праблемаў са здароўем. Пра гэта гаворыцца ў даследаваннях шэрагу маіх калег — вядомых берлінскіх псіхіятраў. Гэта заяўляю і я на падставе ўласнага практычнага досведу», кажа доктар Карл-Хайнц Бомберг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?