Аркуш Алесь. Аскепкі вялікага малюнку. – Менск: Логвінаў, 2007. – 136 с.

«Князь правінцыі» Алесь Аркуш выдаў чарговую кнігу, на гэты раз не паэтычную, а эсэістычную. Пад вокладкай кнігі, якую ўпрыгожвае фрагмэнт карціны «Знакапіс на мапе майго лёсу» Аркушавай жонкі мастачкі Тацяны Козік, сабраныя асноўныя эсэ і артыкулы Алеся Аркуша, якія друкаваліся ў пэрыёдыцы за розныя гады.

У першым эсэ ў кнізе Аркуш піша пра горад, у якім ён нарадзіўся, пражыў ладную частку свайго жыцьця, пасьля чаго трапіў у Полацак. Той горад – Жодзіна. Нягледзячы на тое, што Аркуш даўно пазыцыянуе сябе, як палачанін, у яго застаўся значны сантымэнт да горада свайго маленства. Ён называе Жодзіна найбольш амбітным беларускім горадам, які мусіць яшчэ заняць сваё месца ў беларускай культуры.

«Азіяцкі пэрыяд» свайго жыцьця Аркуш апісвае ў эсэ «Гесэ, вярблюды і войска». Тут ідзе гаворка пра далёкую і загадкавую Манголію, куды Аляксандар Козік быў закінуты воляю лёсу ў зусім яшчэ малым узросьце, потым была яшчэ другая пабыўка, але гэта ўжо ў сьвядомым веку. Азія знайшла сяржанта Козіка ў войску, бо большая частка жаўнераў ягонай роты былі вышлыя з краінаў Сярэдняй Азіі і Каўказу, справіцца зь якімі не было зусім лёгкай задачай.

Пра першыя крокі ў літаратуры, пра невядомыя старонкі зь біяграфіі «Тутэйшых» Аркуш піша ў эсэ «Вяртаньне ў «Тутэйшыя». Найбольш аўтар засяроджваецца на канфлікце канцэпцыяў, што існаваў тады ў «Тутэйшых» паміж групоўкамі Адама Глёбуса і Анатоля Сыса.

Ёсьць у кнізе невялічкае эсэ, прысьвечанае самвыдавецкаму праекту «Ксэракс беларускі», які рэдагаваў Аркуш. Сёньня падшыўку таго выданьня спрабуе атрымаць у свае архівы брэмэнская бібліятэка. Аркуш вагаецца, ці аддаваць, б ў яго засталося ўсяго тры камплекты. Мабыць, спадзяецца, што некалі яны яшчэ спатрэбяцца на Радзіме.

Ёсьць два гістарычныя артыкулы, прысьвечаныя літаратурнаму жыцьцю Полаччыны ў 20-я гады, а таксама пра «Саюз вызваленьня Беларусі» і нацыянал-камуністаў.

Яшчэ ў адным эсэ Аркуш спрабуе знайсьці адказ на пытаньне: дзе пахаваны першы беларускі сьвяты Торвальд Вандроўнік.

Кніга не магла не зьмясьціць хрэстаматыйнае эсэ Аркуша «Аскепкі вялікага малюнку», якая ўласна і дала назву кнізе. У ім Аркуш у ненавязьлівай форме прызнаецца ў каханьні да свайго любімага на зямлі места – Полацку.

Цікавы факт, што ў выходных зьвестках напісана, што «Аскепкі...» выйшлі ў 2007 годзе. Рэдкая зьява: кніга апераджвае свой час.

фота з сайту music.fromby.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?