Чатыры гадзіны прабыла ў абласной управе КДБ праваабаронца з грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Крысьціна Шацікава. Два супрацоўнікі вайсковай контравыведкі ад 15-й гадзіны дапытвалі яе пра падзеі на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Паводле актывісткі, адзін контравыведнік назваўся Паўлам Травулькам, другі — Максімам Мешчараковым.

Як кажа Крысьціна Шацікава, контравыведнікі патлумачылі неабходнасьць допыту тым, што яны не задаволеныя, як яго правялі магілёўскія камітэтчыкі.

«Іх зацікавілі фотаздымкі, якія я зрабіла на Плошчы й перадала сьледчаму магілёўскага КДБ. Я была першая на Плошчы й бачыла тых, хто біў вокны. І гэта былі не дэманстранты. На фотаздымках людзі, якія маглі бачыць, хто выломваў дзьверы й выбіваў вокны ў Доме ўраду 19 сьнежня. Яны могуць пацьвердзіць, што гэта былі не апазыцыянэры, а правакатары. Я так зразумела, што ў контравыведкі ёсьць фота й відэадакумэнты ўжо пасьля таго, як усё было пабіта й павыломлівана. Травулька й Мешчаракоў былі канкрэтнымі ў пытаньнях. Іх не цікавілі ні дзеяньні кандыдатаў у прэзыдэнты на Плошчы, ні іншых ўдзельнікаў акцыі пратэсту. Яны высьвятлялі, калі зьявіліся правакатары, як яны выглядалі. Мы доўга разглядалі фотаздымкі й відэаматэрыялы. Сышла я з КДБ, бо мне стала блага».

16 сакавіка Крысьціна Шацікава і яе каляжанка Марыя Вайнова зноў пойдуць у КДБ. Паводле Шацікавай, пасьля допыту Вайновай будзе праведзены сьледчы экспэрымэнт каля Магілёўскага аблвыканкаму. Яго будынак падобны да Дому ўраду на плошчы Незалежнасьці.

Шацікава: «Яны хочуць, каб я каля нашага Дому саветаў паказала, дзе і як стаялі тыя, хто ламаў дзьверы й выбіваў вокны ў Доме ўраду».

Акрамя магілёўскага КДБ, фотаздымкі Крысьціна Шацікава перадала й сьледчаму зь Першамайскага раённага аддзелу міліцыі Менску Аляксандру Фейцару.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?